Комментарии
Ігар Кузняцоў, фота Анатоля Клешчука, Звязда

Цяжкая праўда пра Курапаты

У красавіку 1999 года было завершана чацвёртае следства, праведзенае па факце выяўлення масавых пахаванняў у лясным масіве Курапаты. «Нямецкі след», дзеля знаходжання якога ваеннай пракуратурай па патрабаванні некаторых прадстаўнікоў грамадскасці чарговы раз было праведзена новае следства па старой справе, знойдзены так і не быў.

З чаго ўсё пачалося

3 чэрвеня 1988 года ў газеце «Літаратура і мастацтва» быў апублікаваны артыкул навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі АН БССР Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці». У артыкуле сцвярджалася, што ў лясным масіве Курапаты пахаваны ахвяры палітычных рэпрэсій 1937—1941 гадоў.

Абагульніўшы ўсе матэрыялы, якія былі, аўтары зрабілі выснову, што на гэтым месцы ў перадваенныя гады органы НКУС праводзілі масавыя расстрэлы. Артыкул меў вялікі рэзананс і стаў падставай для завядзення пракуратурай БССР 14 чэрвеня 1988 года крымінальнай справы. Гэта была першая ў СССР крымінальная справа такога роду.

Першае следства па Курапатах праводзілася з чэрвеня па лістапад 1988 года, потым было спынена і адноўлена ў студзені 1989 года.

— Гэта справа была зусім унікальнай, — успамінае Язэп Бролішс, які ў той час быў следчым па асоба важных справах пракуратуры БССР. — Следства па крымінальнай справе звычайна мае свае мэты: устанавіць падзею злачынства, таго, хто яго ўчыніў, вызначыць, пад які артыкул Крымінальнага кодэкса гэтае злачынства падпадае, знайсці пацярпелых і г. д. Тут жа, нягледзячы на тое, што падзея злачынства навідавоку, было незразумела, каго і што шукаць... Больш таго, не існавала прэцэдэнтаў такіх расследаванняў, не было ні тэхналогій, ні методык. Тым не менш шляхам спроб і памылак, ужываючы выпрабаваныя тэхналогіі і прыёмы крыміналістыкі, мы выйшлі са становішча.

Следства ўстанавіла, што на тэрыторыі каля 30 гектараў размешчана 510 меркаваных пахаванняў, якія ўяўляюць сабой упадзіны з прыкметамі асядання грунту. Была праведзена выбарачная эксгумацыя, падчас якой выявілі чалавечыя астанкі — 313 чэрапаў, косці шкілетаў, 340 зубных пратэзаў з жоўтага і белага металаў. Акрамя таго, знайшлі асабістыя рэчы: расчоскі, зубныя шчоткі, мыльніцы, кашалькі, абутак, рэшткі адзення, а таксама 177 гільзаў і 28 куль. 164 гільзы і 21 куля былі выпушчаны з рэвальвера сістэмы «Наган», адна гільза — з пісталета «ТТ», а гэта значыць, са штатнай зброі супрацоўнікаў НКУС.

Як паказалі комплексная судова-медыцынская і крыміналістычная экспертызы, касцявыя астанкі, выяўленыя пры эксгумацыі, належалі не менш чым 356 расстраляным. Астанкі яшчэ 35 чалавек былі выяўленыя будаўнікамі і навучэнцамі. На 227 чарапах і іх фрагментах — агнястрэльныя пашкоджанні. Звесткі аб колькасці пахаваных тут адсутнічаюць.

У ходзе расследавання было апытана каля 200 відавочцаў тых падзей. 55 сведак з ліку жыхароў вёсак Цна-Ёдкава, Падбалоцце, Дроздава, размешчаных паблізу ляснога масіву, расказалі, што ў 1937—1941 гадах работнікі НКУС на крытых аўтамашынах прывозілі сюды людзей і расстрэльвалі іх. Трупы закопвалі ў ямы.

Па ўспамінах мясцовых, расстрэлы пачаліся ў 1937 годзе і працягваліся да 1941 года. Мяркуючы па характары і наменклатуры знойдзеных рэчаў, у Курапатах былі пахаваны ў асноўным выхадцы з Беларусі, у тым ліку з заходніх абласцей і, магчыма, з Прыбалтыкі. Ёсць падставы меркаваць, што там спачываюць і палітычныя зняволеныя Аўтадарлага.

Сярод сведак, якія давалі паказанні, не было нікога, хто падчас тых падзей знаходзіўся ў дзіцячым або старым узросце. Падчас следчага эксперыменту сведка Н. Карповіч паказаў месца, дзе ў 1937 годзе бачыў незасыпаную магілу, напоўненую трупамі. У ходзе эксгумацыі ў паказаным ім кірунку знойдзена пахаванне, з якога дасталі 50 чэрапаў, косці шкілетаў, абутак, іншыя прадметы і іх фрагменты.

З пратакола эксгумацыі астанкаў: «Пры распрацоўцы пласта пахавання (раскоп №8) вынятыя прадметы, якія размяшчаліся ў ім хаатычна: 50 чэрапаў, у тым ліку 7 са зводам і асновай... На ўсіх 50 чарапах ёсць пашкоджанні круглявай і авальнай формы, якія размяшчаюцца на розных участках у цемянной, патылічнай, скроневай, лобнай абласцях. Чэрапаў, якія б захаваліся без пашкоджанняў, не знойдзена...»

Практычна ўсе апытаныя сведчылі, што падчас Вялікай Айчыннай вайны на гэтым месцы расстрэлаў не было, ды і наогул у той час версія «нямецкага следу» нікому не прыходзіла ў галаву. Паводле звестак Ваеннага камісарыята БССР, воінскіх пахаванняў у лясным масіве, дзе выяўлены астанкі, таксама не было. У Язэпа Бролішса ніколі не ўзнікала ніякага сумнення, што гэта справа рук НКУС.

Паказанні сведак былі пацверджаны данымі КДБ БССР аб тым, што падчас акупацыі ў Курапатах не размяшчалася ні канцэнтрацыйных, ні іншых лагераў.

Для таго каб высветліць, дзе знаходзіліся месцы прывядзення ў выкананне прыгавораў і рашэнняў пазасудовых органаў за 1937—1941 і 1944—1953 гады, следства накіравала запыты ў КДБ БССР. Аднак гэтая арганізацыя не мела дакументальных звестак аб месцах прывядзення прыгавораў у выкананне. Адсутнічалі там і звесткі аб асобах, якія выконвалі ў гэтыя гады прыгаворы і рашэнні аб вышэйшай меры пакарання.

Аказалася немагчымым устанавіць і колькасць расстраляных. Як мала часу спатрэбілася для таго, каб бясследна знікла памяць аб ахвярах і выканаўцах прыгавораў...

Тым не менш следствам было дакладна вызначана, што з 1937 па 1941 год у лясным масіве Курапаты органамі НКУС учыняліся масавыя расстрэлы грамадзян. Праз столькі часу вызначыць іх асобы і канкрэтныя падставы пакарання ўжо не ўяўлялася магчымым.

У пастанове аб спыненні крымінальнай справы было адзначана: «Прымаючы пад увагу, што вінаватыя ў гэтых рэпрэсіях кіраўнікі НКУС БССР і іншыя асобы прыгавораны да смяротнага пакарання альбо памерлі, на падставе выкладзенага... крымінальную справу, заведзеную 14 чэрвеня 1988 года пракурорам Беларускай ССР, спыніць».

Новая версія старой справы

У чэрвені 1991 года члены так званай грамадскай камісіі па расследаванні злачынстваў у Курапатах пад старшынствам Валянціна Корзуна накіравалі ў Пракуратуру СССР сабраны імі матэрыял, які нібыта даказвае, што ва ўрочышчы Курапаты спачываюць не ахвяры НКУС, а ахвяры нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Увосень 1991-га ў Мінск прыязджаў прадстаўнік Пракуратуры СССР, але факты, выкладзеныя ў звароце «грамадскай камісіі», пацвярджэння не знайшлі. У лютым 1992 года па патрабаванні «грамадскай камісіі» Пракуратура Рэспублікі Беларусь была вымушана зноў аднавіць расследаванне. Следства пацвердзіла высновы дзяржаўнай камісіі.

Праз два гады «грамадская камісія» звярнулася ў Вярхоўны Савет Беларусі з прапановай аспрэчыць высновы, да якіх у сваім расследаванні курапацкіх падзей прыйшла дзяржаўная камісія.

Вярхоўны Савет у адказ даручыў Генеральнаму пракурору рэспублікі Васілю Шаладонаву вярнуцца да гэтай справы. Паўторнае расследаванне вёў старшы следчы па асоба важных справах пракуратуры Валерый Камароўскі. Менавіта да таго часу адносіцца ўзнікненне версіі пра «нямецкі след» і пра тое, што ў Курапатах не НКУС расстрэльваў савецкіх грамадзян, а немцы — «прывезеных сюды ў якасці перакладчыкаў гамбургскіх яўрэяў».

Тады ж былая падпольшчыца Марыя Осіпава, якая прымала ўдзел у рабоце дзяржаўнай камісіі падчас першага следства, праз чатыры гады раптам успомніла, што ў гады вайны праз Камароўку ў бок Зялёнага Лугу немцы гналі на расстрэлы мірных грамадзян. Іншымі словамі, новаму следству давялося мець справу з некалькімі версіямі, кожная з якіх пярэчыла высновам папярэдняй.

Новае расследаванне справы па Курапатах было праведзена дасканала. Для таго каб выключыць версію расстрэлаў яўрэяў нямецкімі акупантамі, Валерый Камароўскі звярнуўся ў ізраільскі нацыянальны мемарыял Катастрофы і Гераізму Яд ва-Шэм, дзе сабрана найбольш поўная інфармацыя пра рэпрэсіі ў дачыненні да яўрэяў. Атрымаў адказ, што Мінск, Дразды, Масюкоўшчына, Курапаты, Цна-Ёдкава, Зялёны Луг у якасці месца расстрэлаў яўрэяў не зафіксаваны.

Няма інфармацыі аб расстрэлах у Курапатах і ў нямецкіх архівах. Эксперты з Германіі пацвердзілі, што метад пахавання ў Курапатах — не нямецкі. Гітлераўцы звычайна капалі вялікія магілы — да 50-60 метраў у даўжыню, перад «акцыяй» ахвяр распраналі, забіралі асабістыя рэчы, здымалі залатыя каронкі.

Не выяўлена ў пахаваннях і дзіцячых астанкаў. У сувязі з тым, што нацысты і іх пасобнікі расстрэльвалі яўрэяў, як правіла, сем'ямі, то гэты факт можна лічыць адным з вырашальных пры ўстанаўленні ісціны.

Пасля даследавання ўсіх дакументаў была вынесена пастанова аб адсутнасці матываў для аднаўлення следства па Курапатах. Сабраныя доказы сведчылі аб неабгрунтаванасці здагадак так званай грамадскай камісіі.

Аналіз звестак, што былі ў крымінальнай справе, дазволіў зноў зрабіць выснову аб тым, што ў лясным масіве Курапаты ў 1937—1941 гадах органамі НКУС БССР праводзіліся расстрэлы і пахаванні грамадзян, якія абвінавачваліся ва ўчыненні контррэвалюцыйных і іншых «злачынстваў». Вызначыць колькасць і імёны загінулых у працэсе следства было немагчыма з прычыны адсутнасці неабходных архіўных даных у КДБ Беларусі.

Апошняе следства

Паколькі сабраныя доказы не падлягалі сумненню, а новыя матэрыялы толькі пацвярджалі ўжо існуючае заключэнне, громам сярод яснага неба стаў пачатак новага, чацвёртага, следства ў 1998 годзе. Гэтым разам расследаванне было даручана старшаму памочніку ваеннага пракурора Беларусі Віктару Сомаву. І зноў была праведзена праверка доказаў, сабраных падчас папярэдніх следстваў, работа па ўжо вядомых версіях.

Не абышлося і без маленькай сенсацыі: у ходзе расследавання «грамадская камісія» прад'явіла «сведку», які нібыта на свае вочы бачыў, як расстрэлы ў Курапатах вялі немцы, а не НКУС. Высветлілася, што «сведка», у прыватнасці, нават не знаёмы з мясцовасцю, пра якую ішла гаворка, і наогул аказаўся аферыстам, які выдаваў сябе за ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, не з'яўляючыся ім.

У ходзе апошняга следства ўпершыню было выяўлена самае вялікае з усіх знойдзеных у Курапатах пахаванняў, у якім змяшчаліся астанкі больш як 300 чалавек (звычайна ў ямах знаходзілася да 100 астанкаў).

Следства зрабіла яшчэ адну сенсацыю — упершыню за ўсю гісторыю раскопак у Курапатах былі знойдзены рэчавыя доказы з канкрэтнымі датамі і прозвішчамі, якія сведчылі пра тое, што расстрэлы праходзілі да пачатку Вялікай Айчыннай вайны. У пахаванні №30 былі знойдзены турэмныя квітанцыі аб канфіскацыі пры арышце каштоўнасцяў, выдадзеныя 10 чэрвеня 1940 года Моўшу Крамеру і Мардыхаю Шулескесу.

Як вядома, 94% стрэляных гільзаў, знойдзеных у Курапатах, — ад рэвальвераў сістэмы «Наган». Акрамя таго, было знойдзена некалькі стрэляных гільзаў з пісталетаў сістэм «Браўнінг» і «Вальтэр», што таксама дало магчымасць прыхільнікам «нямецкага следу» яшчэ раз заявіць аб правамернасці сваёй версіі. Аднак трэба заўважыць, што зброя гэтых сістэм выпускалася задоўга да 1941 года, і нярэдка менавіта такой зброяй узнагароджваўся кіруючы склад НКУС. Акрамя таго, ёсць даныя аб тым, што пісталеты, у тым ліку гэтых сістэм, былі штатнай зброяй шэрагу супрацоўнікаў НКУС.

Дагэтуль вядомыя далёка не ўсе месцы пахаванняў ахвяр палітычнага тэрору. Паводле сведчанняў відавочцаў, расстрэлы праводзіліся таксама ў раёне Лошыцы. Адзінкавыя расстрэлы вяліся і на Кальварыйскіх могілках.

«Курапацкая справа» — адна з самых гучных і вядомых спраў у постперабудовачнай гісторыі Беларусі. Пракуратура нашай краіны паставіла кропку ў гэтай гісторыі. Сёння вынікі «курапацкай справы» не задавальняюць толькі тых, хто ўпарта не жадае чуць праўду аб трагічным мінулым Беларусі.

Тым не менш хочацца верыць, што надпіс на гранітным абеліску ў Курапатах — «У гэтым лясным масіве ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР ад 18 студзеня 1989 г. будзе пабудаваны помнік ахвярам масавых рэпрэсій 1937-1941 гг.» — стане рэальнасцю ўжо ў найбліжэйшы час.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)