Комментарии
Павел Печанько

Трагедыі ў беларускіх аквапарках: ахвяры і стрэлачнікі

Гібель 7-гадовай дзяўчынкі ў аквапарку Кобрына стала адной з самых рэзанансных спраў гэтага года. «Салідарнасць» прапануе паглядзець на акалічнасці гэтай трагедыі вачыма былога настаўніка.

Фота Яўген Ерчак, TUT.BY

Агульнавядома, што беларускі настаўнік сёння і швец, і жнец, і на дудзе ігрэц. Ён мусіць не толькі вучыць дзяцей, а яшчэ і выхоўваць іх, забаўляць, арганізоўваць працэс аздараўлення, запаўняць безліч часта фармальных дакументаў, вытрасаць з бацькоў грошы на патрэбы школы і г.д.

Пры гэтым настаўнікі нясуць персанальную адказнасць за жыццё і здароўе вучняў падчас мерапрыемстваў, так ці інакш звязаных з навучальна-выхаваўчым працэсам.

Зразумела, што такая перагружанасць функцыямі і абавязкамі, слаба звязанымі з прафесіяй педагога, негатыўна адбіваецца непасрэдна на навучальным працэсе, а часам робіцца прычынай сапраўдных трагедый, калі ў адно імгненне ламаюцца людскія лёсы. І горш за ўсё, калі ахвярамі трагедыяў робяцца дзеці.

Прыкра, але вельмі часта ў такіх выпадках адразу пачынаюць вінаваціць найперш школу і настаўнікаў: не ўпільнавалі, не дагледзелі... Яскравы прыклад — трагедыі ў беларускіх аквапарках.

Аквапарк у Кобрыне

Сёлета 12 чэрвеня ў Кобрынскім аквапарку патанула сямігадовая дзяўчынка. Разам з іншымі школьнікамі Завершскай школы (Драгічынскі раён) яна прыехала ў Кобрын на экскурсію, адным з пунктаў якой было наведванне аквапарка.

Дзіця ў непрытомным стане дастаў з вады выпадковы наведнік. Два тыдні за жыццё Іры змагаліся ўрачы абласной дзіцячай бальніцы. Але ўратаваць дзяўчынку не ўдалося — 26 чэрвеня яна памерла.

Прачытаўшы паведамленне пра трагедыю ў Кобрыне, я адразу зразумеў, што абвінавацяць не толькі супрацоўнікаў аквапарка, але і настаўніц, якія суправаджалі ў той дзень школьнікаў. Некалі сам працаваў у школе, таму ведаю, што ў падобных выпадках настаўнік — першы кандыдат на ролю «стрэлачніка».

Але я трошкі памыліўся: крымінальную справу завялі толькі на педработнікаў. 10 лістапада суд Кобрынскага раёна вынес прысуд настаўніцам у выглядзе абмежавання волі на тэрмін 3 гады 6 месяцаў без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу з пазбаўленнем права займаць пасады настаўніка і выхавацеля ва ўстановах адукацыі на тэрмін да 5 гадоў.

Як пра трагедыю ў Кобрыне пісалі СМІ

Няшчасны выпадак у Кобрыне дастаткова падрабязна асвятляўся ў прэсе. Пакуль дзяўчынка была ў бальніцы, журналісты паразмаўлялі з яе бацькамі, пазней узялі каментар у намесніка дырэктара Кобрынскага ЖКГ, на балансе якога знаходзіцца аквапарк, апублікавалі заявы прадстаўнікоў Следчага камітэта і пракуратуры.

Як на мой погляд, адзін з самых аб’ектыўных матэрыялаў па тэме (да яго я яшчэ вярнуся) апублікавала газета «СБ. Беларусь сегодня». Але гэта былі збольшага інфармацыйныя паведамленні: прэса сачыла за развіццём падзей і знаёміла чытачоў з новымі акалічнасцямі справы.

Магчыма, я і не зачапіўся б за тыя публікацыі, каб не два моманты. У жніўні ў сталічным «Дрымлэндзе» патануў школьнік (два выпадкі цягам лета — гэта ўжо тэндэнцыя).

На месцы трагічнага здарэння ў аквапарку «Дрымлэнд»

У верасні большасць незалежных СМІ апублікавалі паведамленне прэс-службы СК пра завяршэнне расследавання крымінальнай справы ў Кобрыне.

У якасці загалоўкаў прыводзілася цытата з паведамлення СК. Пры гэтым загалоўкі былі зробленыя нібы пад капірку: «Настаўнікі бавіліся пад гідрамасажорамі, пакуль дзяўчынка танула — завершана расследаванне справы аб гібелі школьніцы ў аквапарку», «Когда в кобринском аквапарке тонула второклассница, одна учительница отдыхала в джакузи, вторая каталась с горки».

Шчыра кажучы, пабачыўшы такія не вельмі карэктныя загалоўкі, я думаў што чытачы ў каментарах пад артыкуламі парвуць тых няшчасных настаўніц на кавалкі. Пры гэтым у паведамленні СК чамусьці не было ані слова пра персанальную адказнасць кагосьці з супрацоўнікаў аквапарка.

Хоць, пагадзіцеся, за 12 хвілін, якія сямігадовая Іра знаходзілася пад вадой, «самоустранились от ... исполнения ... обязанностей» відавочна не толькі настаўніцы. Як ні дзіўна, рэакцыя чытачоў была не такой адназначнай. Менавіта яны ў каментарах агучылі пытанні, якія большасць СМІ праігнаравалі.

Каментары: альтэрнатыўны прысуд

Уявім сабе, што чытачы — гэта суд прысяжных. У такім выпадку настаўніцы, абвінавачаныя ў неналежным выкананні службовых абавязкаў, хутчэй за ўсё былі б апраўданыя. Па маіх назіраннях, каля 60% каментатараў так ці інакш занялі бок настаўнікаў. Зразумела, што сярод іх было нямала калег з іншых школ, якія абураліся такім аднабокім падыходам у выяўленні вінаватых.

Яшчэ каля 20% чытачоў адзначылі, што пакараць трэба ўсіх — і настаўнікаў, і супрацоўнікаў аквапарка.

Рэшта каментатараў заклікала абавязкова пакараць настаўніц па ўсёй строгасці закона.

Спынімся на некаторых каментарах у абарону настаўніц. Гэтыя выказванні дазваляюць лепш зразумець прычыны, якія прывялі да трагедыі.

Шмат хто звяртае ўвагу на тое, што дзве настаўніцы фізічна не маглі ўсачыць за дваццаццю школьнікамі. А таму падобныя групавыя паходы ў аквапаркі і басейны адпачатку патэнцыйна небяспечныя. У сувязі з гэтым калегі-настаўнікі звяртаюць ўвагу на далёка не дабраахвотны ўдзел педагогаў у падобных паходах у аквапаркі.

Леся:

— Скажите, неужели соответствующие органы не видят откровенного вымогательства, которое укоренилось в стране? “На основании поручения.... (сами впишите имя губернатора или мэра) обеспечить посещение учащимися....(опять же впишите название школы, колледжа, института)...” — а далее могут быть названы и спортсооружение, и аквапарк, и театр, и кинотеатр. И директор пишет приказ — а дальше кураторы или классные руководители “обеспечивают”. И потом ещё пишут отчёт с приложением ксерокопий билетов! Ну, где это видано? Что ещё должно случиться, чтоб это прекратилось, чтоб отделы образования перестали помогать театрам, аквапаркам и музеям выполнять план?...

Работаю в школе более 15 лет... Я попросила лишить меня премии (это 450 тыс.), но чужих детей ни в какой аквапарк никогда я не возила и не повезу... я считаю, что каждый родитель в состоянии сам уделить своему ребенку время. Учителя несут за ребенка ответственность на уроке и перемене. Своих детей даже с самым лучшим и внимательным учителем в аквапарк не отпускаю. Аквапарк — место отдыха для детей, а для родителей это работа: смотреть, смотреть и ни на минуту не отвлекаться...

Катя:

— А учителей спросили перед тем, как издать приказ об ответственности и отправить их в аквапарк? У нас в школе не спрашивают, хотим ли мы этого. И везем детей в кинотеатр “Пионер”, хотя рядом с нами есть “Берестье”, на хоккей, на футбол и т.д. Приходит разнарядка на школу, и никого не интересует, хотят ли туда ехать дети и учителя! Нас просто подставляют под опасность — отвечать за чужих детей! На моих глазах мальчик попал под машину. Шли вдоль дороги, толкались, и один резко выскочил на проезжую часть. Учитель может всех держать за руки? Это дети, они непредсказуемы. И я что-то не помню, чтобы судили родителей, если утонул ребенок по их вине.

Адна з чытачак звярнула ўвагу на такі істотны нюанс.

Татьянка:

— Господа взрослые! Три года назад аналогичная трагедия произошла в аквапарке в Пружанах. Летний лагерь, посещение аквапарка. Утонул 9-летний мальчик. А инструкции так и никто и не разработал. Жилеты и нарукавники не стали обязательными. Почему? Может не учителей судить надо, а тех, кто дождался новой трагедии, чтобы опять заговорить о неразработанных инструкциях?

Пра акалічнасці трагічнага здарэння ў Пружанах я раней не чуў. Вырашыў пацікавіцца, пра якія інструкцыі пісала чытачка.

Правілы і рэкамендацыі: статус кво захоўваецца?

Аказалася, што трагічныя здарэнні ў аквапарках Пружанаў і Кобрына вельмі падобныя. У абодвух выпадках загінулыя дзеці знаходзіліся ў аквапарках у складзе арганізаваных груп (па 2 выхавацеля на групу з 20 дзяцей); дзеці бескантрольна пакінулі т.зв. дзіцячую зону і перамясціліся ў больш глыбокія дарослыя басейны; і ў Пружанах, і ў Кобрыне патанулых дзяцей заўважылі не супрацоўнікі аквапарка ці настаўнікі, а выпадковыя наведнікі; амаль супадае і прыблізны час знаходжання пацярпелых пад вадой — 8 і 10 хв.; на дзецях, якія не ўмелі плаваць, не было індывідуальных сродкаў ратавання — надзіманых камізэлек ці нарукаўнікаў. Відавочна, што загінулыя дзеці ў крытычны момант знаходзіліся па-за ўвагай не толькі выхавацеляў, але і супрацоўнікаў аквапарка.

Аквапарк у Пружанах

Аднак, да адказнасці супрацоўніка аквапарка прыцягнулі толькі ў Пружанах. Зрэшты, тады крымінальны пераслед у адносінах да настаўніц і інструктара-метадыста, што суправаджалі дзяцей, быў спынены ў сувязі з амністыяй. Падставай паслужыла тое, што двое з іх (інструктар-метадыст і выхавацелька) старэйшыя за 55 гадоў, а другая выхавацелька — маці малалетняга дзіцяці.

Адміністрацыя пружанскага аквапарка зрабіла высновы з інцыдэнту — штат інструктараў ратавальнікаў павялічылі, у правілах наведвання з’явіўся пункт пра абавязковае карыстанне сродкамі ратавання (камізэлькамі і нарукаўнікамі) для ўсіх, хто не ўмее плаваць. А для дзяцей малодшага ўзросту ў абавязковым парадку без выключэнняў.

У ходзе расследавання інцыдэнта ў Пружанах высветлілася, што ніякіх нарматыўных актаў наконт дзеянняў інструктараў аквапаркаў не існуе. А таму супрацоўнікаў аквапаркаў у падобных выпадках фактычна немагчыма прыцягнуць да адказнасці. Кіраўніцтву ўстановы было прадпісана ўнесці карэктывы ў службовыя інструкцыі. Што і было зроблена.

На жаль, высновы з той трагедыі зрабіла толькі кіраўніцтва Пружанскага аквапарка. Праз тры гады няшчасны выпадак адбыўся ў Кобрыне. Пры ідэнтычных абставінах. Аднак цяпер да адказнасці прыцягнулі толькі выхавацеляў, якія суправаджалі дзяцей.

Праз адсутнасць тыпавых правіл наведвання аквапаркаў і карыстання воднымі атракцыёнамі вызначыць ступень віны супрацоўнікаў установы фактычна немагчыма.

На гэта звярнуў увагу і былы старшыня Следчага камітэта Валянцін Шаеў: «Часцяком і знайсці вінаватага ў такіх выпадках складана: ніхто нічога не парушае, таму што няма чаго парушаць — неабходныя правілы бяспекі не ўстаноўленыя, не замацаваныя абавязкі за супрацоўнікамі, якія павінны іх выконваць». А былы пракурор Брэсцкай вобласці (цяпер старшыня СК) Іван Наскевіч заўважыў наступнае: «На жаль, у краіне да гэтага часу не распрацаваныя адзіныя правілы бяспекі паводзін у такога роду месцах масавага знаходжання людзей. Гэта ў пэўнай ступені новая з’ява ў краіне. Аквапаркі з’явіліся ў Беларусі літаральна некалькі гадоў таму. Пакуль кожная такая ўстанова складае правілы бяспекі паводзін наведвальнікаў, зыходзячы альбо з уласнага досведу, альбо з вопыту калег і чужых памылак, у тым ліку, на жаль, трагічных».

Цікавая акалічнасць: Іван Наскевіч быў прызначаны пракурорам Брэсцкай вобласці ў ліпені 2012 года, неўзабаве пасля трагічнага здарэння ў аквапарку ў Пружанах. І займаў гэтую пасаду да лістапада 2015-га.

Чаму за гэты час у Кобрыне ў прэвентыўным парадку не быў пераняты вопыт Пружанскага аквапарка? І чаму да адказнасці прыцягнулі толькі выхавацеляў? Не прэтэндуючы на ролю следчых органаў, выкажу здагадку, сугучную з меркаваннямі каментатараў на старонках інтэрнэт-выданняў. Не сакрэт, што аквапаркі ў Брэсцкай вобласці (як, зрэшты, і ў іншых гарадах Беларусі) збольшага стратныя.

Галоўны артыкул выдаткаў — ацяпленне — здольны «з’есці» ўсе прыбыткі. Напрыклад, аквапарк у Кобрыне ўжо за першы год працы меў пазыкаў на 1 млрд рублёў ($ 1 млн па тагачасным курсе). Да таго ж аб’ект пабудавалі без прымянення энэргазберагальных тэхналогій.

Як вынік — эканомія на ўсім. На ацяпленні і асвятленні, на заробках персаналу (колькасць інструктараў-ратавальнікаў была яўна недастатковая). Нарэшце, на сродках ратавання — толькі пасьля таго, як у абодвух аквапарках патанулі дзеці, карыстанне камізэлькамі і нарукаўнікамі стала абавязковым для дзяцей да 7-і гадоў і ўсіх, хто ня ўмее плаваць.

Што яшчэ змянілася ва ўнутраных правілах? Нікуды не знік адзін з пунктаў правілаў наведвання аквапаркаў, які замацоўваў адказнасць асоб, якія суправаджаюць дзяцей узростам да 14 гадоў (раней да 12).

Бацькі альбо давераныя асобы нясуць адказнасць за ўсе дзеянні дзяцей, за захаванне іх жыцця і здароўя (п. 7.4).

Фактычна, гэта не азначае, што персанал у выпадку ўтаплення дзіцяці не прыйдзе на дапамогу, але адказнасць панясе толькі той, хто суправаджаў дзіця ў аквапарку (п. 9.5).

І тут ёсць прынцыповы момант. Калі з бацькамі ўсё збольшага ясна, то з арганізаванымі групамі становішча відавочна не змянілася да лепшага.

Па-першае, пашырылася ўзроставая група дзяцей, якіх трэба суправаджаць. Паводле правілаў, адзін дарослы павінен суправаджаць не больш за 10 дзяцей.

Па-другое, кіраўнікі груп цяпер абавязаныя сачыць за тым, каб дзеці карысталіся сродкамі ратавання і нясуць поўную адказнасць за невыкананне гэтага правіла (п. 7.4).

Такім чынам, адміністрацыя аквапаркаў і цяпер не супраць дэлегаваць суправаджаючым асобам ільвіную долю адказнасці за жыццё і здароўе малалетніх наведнікаў.

Адсутнасць агульнанацыянальнага заканадаўства ў гэтай галіне дазваляе кіраўніцтву падобных установаў выдаткоўваць сродкі на бяспеку (на спецперсанал, сродкі візуальнага назірання, сродкі ратавання) сыходзячы з наяўнага бюджэту і рэальных даходаў. А магчымасці, як вядома, ва ўсіх розныя.

Спадзяёмся, трагічны выпадак у сталічным «Дрымлэндзе» паскорыць працэс распрацоўкі адзіных правілаў бяспечнага знаходжання непаўналетніх наведвальнікаў у аквапарках. Паколькі гэта першы прэцэдэнт, калі адказчыкам выступае не суправаджаючая асоба (кіраўнік групы, выхавацель), а непасрэдна адміністрацыя ўстановы.

Пакуль жа кожны аквапарк мае свае ўнутраныя правілы бяспекі і паводзінаў для наведнікаў і свой пералік службовых абавязкаў для персаналу. Са свайго боку суправаджаючыя асобы з ліку педработнікаў падчас планавання і правядзення экскурсіяў у аквапаркі з нядаўняга часу павінны кіравацца адзінымі рэкамендацыямі па арганізацыі наведвання аквапаркаў дзіцячымі групамі.

Згаданыя рэкамендацыі па патрабаванні пракуратуры распрацавала упраўленне аддзела адукацыі Брэсцкага аблвыканкама. Яны фактычна пацьвярджаюць пункты ўнутраных правілаў наведванняў аквапаркаў. З той розніцай, напрыклад, што абласное упраўленне адукацыі рэкамендуе настаўнікам суправаджаць не болей за 5 дзяцей на аднаго выхавацеля.

Цікава, што яшчэ ў канцы чэрвеня старшыня гэтай установы Міхаіл Ціханчук выказаў якасна іншае меркаванне: «Я лічу, што такія забаўляльныя ўстановы, як аквапаркі, дзеці павінны наведваць толькі з бацькамі. Таму мы далі рэкамендацыі аддзелам адукацыі, каб яны такімі выхадамі не захапляліся. Вывазаў дзіцячых груп пад наглядам двух чалавек быць не павінна. Хочуць бацькі — калі ласка, хай таксама суправаджаюць сваіх дзяцей».

Відавочна, што такі варыянт быў бы найбольш слушны. І не толькі таму, што ў гэтым выпадку з настаўнікаў здымалася б значная частка неабгрунтаванай адказнасці. А найперш таму, што такі крок зрабіў бы наведванне аквапаркаў дзецьмі на парадак бяспечнейшым.

Чыстая адказнасць без гарантыяў бяспекі

У рэшце рэшт, я з уласнага досведу ведаю кошт і ступень эфектыўнасці такой адказнасці. Некалі мне давялося папрацаваць плаўруком у летніку. Уся мая спецыяльная падрыхтоўка, а мне давялося здаваць у басейне нарматывы па плаванні, тэорыю і практыку ратавання, у адзін момант рабіліся нічога вартымі, калі ў парушэнне ўсіх інструкцыяў у ваду лезлі адразу некалькі атрадаў, а тры з чатырох важатых, якія па ідэі мусілі мяне падстрахоўваць, банальна не ўмелі плаваць.

Ці не тое самае мы назіраем зараз, калі ў аквапарк прыязджае група з 20 дзяцей у суправаджэнні дзвюх настаўніц перадпенсійнага веку, якія па прычыне адсутнасці спецыяльнай падрыхтоўкі не з’яўляюцца паўнавартаснай заменай інструктарам і ратавальнікам. Фактычна ім адводзіцца роля «стрэлачнікаў» на выпадак нейкай надзвычайнай сітуацыі.

Адзіным выйсцем тут бачыцца выключэнне «слабога звяна» з ліку педагогаў і ўкамплектаванне штату аквапаркаў дастатковай колькасцю прафесійных ратавальнікаў. Якім не будуць замінаць сонечныя блікі на паверхні басейна, і якія не будуць губляцца пры кантакце з незнаёмымі дзецьмі. Напрыклад, як на гэтым відэароліку:

У адваротным выпадку правінцыйныя аквапаркі так і застануцца дарагімі і небяспечнымі «цацкамі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)