Общество
Сямён Печанко, фота аўтара

«Каму дзве магілы, а каму і ніводнай»

«Салідарнасць» вяртаецца да гісторыі пра пошукі магілы партызанскага камандзіра ў Карэліцкім раёне.

У маі гэтага года «Салідарнасць» пісала пра тое, як жыхар Карэліч Аляксандр Самец дзесяць год дабіваецца справядлівага ўшанавання памяці камандзіра партызанскага атрада.

Дзмітрый Семянцоў у снежні 1942 года быў застрэлены іншым партызанскім камандзірам Дзмітрыем Дзенісенкам (мясцовыя называлі яго Міцькам). Абое былі родам з Расіі.

Семянцова пахавалі мясцовыя жыхары пры дарозе каля Пратасовага хутара. Яго магіла знаходзілася ў полі, паміж вёскамі Новае Сяло і Вялікая Слабада. Колькі год на тым месцы стаяў невялікі помнік, але з часам ён знік...

У пачатку верасня на Карэліччыну прыехаў пошукавы атрад. Як і абяцалі ў мінулым рэпартажы, мы вяртаемся да гэтай гісторыі, каб расказаць, чым скончыліся пошукі магілы партызанскага камандзіра.

«Да мяне тут ніхто нічога не рабіў. І я не буду»

Шукаць магілу Семянцова група вайскоўцаў з пошукавага батальёна прыехала 9 верасня. На месцы адразу ж выявілася сур’ёзная праблема.

Месца, якое Аляксандру Самцу паказала жанчына, што ў свой час даглядала магілу, за лета моцна зарасло. Патрэбны ўчастак у высокім быльнягу адшукалі з цяжкасцю і не адразу.

Старшыня Турэцкага сельсавета Вольга Ходар, якая прывезла вайскоўцаў, паехала да мясцовага самадзейнага мастака Міхася Чачотку. Ён заспеў вайну падлеткам і ведаў пра акалічнасці той гісторыі.

Але Чачотка ўказаў на іншае месца, трошкі ў баку. Пры дарозе спыніўся УАЗ — мясцовыя аграномы зацікавіліся пошукамі.

Яны расказалі, што ведаюць пра гэты трагічны выпадак, прыгадалі, што помнік стаяў па беразе сажалкі насупраць мастка. Але дакладнага месца не памяталі.

— Хто яго ведае? Тут як новую дарогу вялі, дык зраўнялі ўсё, пяску навезлі...

Вайскоўцы вярнуліся да першапачатковага ўчастка, які паказаў мой зямляк. Зрабілі некалькі раскопаў, але безвынікова. Аформіўшы неабходныя паперы, з’ехалі.

На месцы пошукаў

Аляксандр Самец прапанаваў чыноўніцы ўсё ж паставіць тут памятны знак. Але тая запярэчыла: маўляў да яе столькі год тут ніхто нічога не рабіў, значыць і яна нічога не стане рабіць:

— Семдзесят год прайшло ўжо. Каб людзі ведалі, што тут такое было, то даўно б нешта зрабілі.

На словы пра тое, што засталіся сведкі, яна не зважала. Аргументам Вольгі Ходар быў сам вынік пошуку: раз нічога не знайшлі, то і помнік ставіць незаконна.

Казус Коваля і Пурыка

Вяртаючыся з-пад Вялікай Слабады, Аляксандр Самец прапанаваў заехаць на могілкі ў вёску Вялікае Вобрына. На месцы паказаў магілу. На помніку фота двух маладых мужчынаў — Уладзіміра Коваля і Пятра Пурыка.

Магіла партызанаў, што загінулі ў баі

— Гэта два партызаны. Сядзелі ў адной з хат, калі немцы і паліцыянты ў вёску зайшлі. Пачалі адстрэльвацца проста праз акно. Немцы хату падпалілі і яны ў агні згарэлі абое, — расказаў Самец.

Пра гэты факт напісана ў кнізе «Памяць» і ў нумары часопіса «Аrche», прысвечаным беларускім партызанам і паліцыянтам.

Яшчэ адзін помнік Пурыку і Ковалю

Далей мы паехалі ў Сіняўскую Слабаду, да вайсковага мемарыялу.

— І тут Коваль і Пурык, — паказаў мой суразмоўца на адзін з помнікаў, на якім былі выбітыя прозвішчы партызанаў. — На тэрыторыі аднаго сельсавета двум партызанам стаіць два помнікі. Вось і атрымліваецца: каму дзве магілы, а каму і ніводнай.

«Тут пахаваныя 97 мірных жыхароў»

Па дарозе з Сіняўскай Слабады мы спыніліся на беразе Нёмана.

— Вунь там яшчэ адно пахаванне. Пад сотню яўрэяў з Ярэмічаў у вайну расстралялі. Проста вывелі ў поле і забілі. Вяскоўцы баяліся туды ісці, казалі, што ў тым месцы зямля шавялілася, але немцы ўсё адно прымусілі пахаваць забітых, — расказаў Самец.

Падыйшлі да мемарыяла. Ён выглядаў недагледжаным: месцамі моцна пахілены стандартны бетонны плот, магільны груд парос быльняком.

На помніку савецкая пяціканцовая зорка і савецкі ж надпіс, з якога пра нацыянальнасць забітых ні слова — адно толькі «мирные жители».

Што трэба, каб паставіць помнік партызану

— Шанцаў знайсці магілу было ня шмат. За столькі гадоў мясцовасць тут моцна змянілася. Праклалі новую дарогу, працавалі бульдозерамі. Хто ведае — можа і магілу тую з зямлёй зраўнялі? Нікога не хвалявала, што тут чалавек ляжыць,— падзяліўся думкамі Аляксандр Самец.

Але ж высветлілася, што ставіць канчатковую кропку ў гэтай гісторыі яшчэ рана.Як патлумачыў «Салідарнасці» старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, з юрыдычнага пункту гледжання старшыня Турэцкага сельсавета мае рацыю: калі на месцы пахавання не знойдзены парэшткі, то і помнік ставіць няма падстаў. Але ёсць іншы варыянт.

Памятны знак можна паставіць у выпадку, калі знойдуцца непасрэдныя сведкі тых падзей. Напрыклад, людзі, якія даглядалі магілу загінулага. Іх сведчанні трэба натарыяльна аформіць, пасля чаго можна звяртацца ў райвыканкам з прапановай належнага ўшанавання памяці памерлага.

— Я ўжо на пенсіі. Матэрыяльна адзін такую справу не пацягну. Трэба і натарыусу заплаціць, і людзей прывезці, і на помнік грошы, — расказаў Самец.

Напэўна, гэта і праўда справа не аднаго чалавека, які і так дзесяць год дабіваўся годнай памяці для загінулага партызана. Думаецца, што паставіць кропку ў гэтай ганаровай справе па сілах мясцовым уладам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)