Гэты музычны год быў багаты на супярэчлівыя зьявы. З аднаго боку, уціск незалежнага беларускага року працягваўся, і сытуацыя набыла зусім ужо вычварэнскія формы, уласьцівыя для часоў Андропава. Але зь іншага боку, беларуская незалежная музыка зацьвердзілася ў такім статусе: даваць кансьпіратыўныя канцэрты сталася модным нават сярод тых, хто ў тыя «чорныя» сьпісы яшчэ не патрапіў, пазнака «забаронена ў Беларусі» на замежнай канцэртнай афішы нашага гурту стала лепшай за любую рэкляму, а дыскі з падпольнай музыкай разыходзіліся такімі накладамі, якія айчынным папсавікам нават ня сьніліся. Культура беларускага супраціву сталася нагэтулькі моднай, што на нашай мове запяялі расейцы, палякі, украінцы, немцы.