Общество

Улады хочуць ліквідаваць Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына»

Вярхоўны суд на позву Міністэрства юстыцыі узбудзіў справу аб ліквідацыі Міжнароднага грамадскага аб'яднання «Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына».

20 жніўня Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына» атрымала ліст з Вярхоўнага суду з прапановай да ўпаўнаважанага прадстаўніка Згуртавання 25 жніўня з'явіцца на гутарку ў парадку падрыхтоўкі да судовага разбіральніцтва.

Аказваецца, Міністэрства юстыцыі пастанавіла, што ад 15 ліпеня 2021 г. кіруючы і кантрольна-рэвізійны органы МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» з'яўляюцца нелегітымнымі, а 27 ліпеня 2021 г. міністэрства нават выключыла інфармацыю адносна кіраўніка «Бацькаўшчыны» з Адзінага дзяржаўнага рэгістру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, паведамляе інфармацыйны цэнтр арганізацыі.

Прычына – перанос VIII З'езду беларусаў свету на наступны год праз абмежаванні, накладзеныя сусветнай каранавіруснай пандэміяй, за які прагаласавала Вялікая Рада ЗБС «Бацькаўшчына».

Пры гэтым рашэнне аб пераносе з’езду прымалася пасля кансультацый з Мінюстам: якім чынам правесці гэтую працэдуру, каб не парушыць ні заканадаўства, ні Статут.

Менавіта Мінюст пацвердзіў, што Вялікая Рада мае ўсе паўнамоцтвы прыняць такое рашэнне, пасля чаго пытанне пераносу было вынесенае на пісьмовае галасаванне сябрам Вялікай Рады.

ЗБС «Бацькаўшчына» было створанае ў 1990 годзе на хвалі нацыянальнага адраджэння і працавала ўсе гэтыя гады, каб кансалідаваць беларусаў у краіне і па-за яе межамі дзеля развіцця Беларусі.

Менавіта дзякуючы Згуртаванню ў 2014 годзе быў прыняты закон «Аб беларусах замежжа», а з’езды беларусаў свету «Бацькаўшчыны» сталі сапраўднай агульнанацыянальнай платформай для абмеркавання актуальных для Беларусі і яе замежжа пытанняў і праблем.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.8(8)