Общество

Інтэлектуал і стваральнік сувэрэннай Беларусі. Памяці Лявона Дзейкі

Памёр ад каранавірусу дэпутат Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, сябра сацыял-дэмакратычнай партыі Лявон Дзейка. Яму быў 71 год, піша Сяргей Навумчык на Радыё Свабода.

Лявон Дзейка, жнівень 1991. Фота Уладзімера Кармілкіна.

На шмат якіх здымках галадоўкі дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11–12 красавіка 1995 году Лявона Дзейкі няма.

Няма, таму што гэтыя здымкі рабіў ён.

Так атрымалася, што ён меў пры сабе фотаапарат («мыльніцу», як тады казалі) і рабіў здымкі. Увечары ён даў камусьці апарат і папрасіў сфатаграфаваць яго — на адным са здымкаў мы слухаем Радыё Свабода. Ну, а калі ўвечары журналістаў выдалілі з залі і ўвайшлі супрацоўнікі службы аховы Лукашэнкі, каб выцягнуць і нас, — Лявон сфатаграфаваў гэтыя эпізоды. Не зусім рэзкія, гэтыя кадры зрабіліся ўнікальным гістарычным дакумэнтам.

Галадоўка дэпутатаў 12 красавіка 1995 году. Алег Трусаў, Барыс Гюнтэр, Валянцін Голубеў, Сяргей Навумчык, Лявон Дзейка, Уладзімер Заблоцкі

Кіраўнік упраўленьня аховы Цесавец і начальнік службы аховы прэзыдэнта Каралёў спрабуюць выцягнуць дэпутатаў-галадоўнікаў з крэслаў. Ноч з 11 на 12 красавіка 1995. Фота Лявона Дзейкі

Напад, празь дзьве гадзіны, дзясяткаў «гарылаў» у чорных масках і спэцназаўцаў з аўтаматамі, ён ужо не здымаў — як і ўсіх дэпутатаў, яго зьбілі, выцягнулі з залі і закінулі ў «варанок».

Лявон Дзейка быў адным з найбольш актыўных дэпутатаў, удзельнічаў у распрацоўцы Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце, законапраектаў для абвяшчэньня незалежнасьці на сэсіі 24–25 жніўня 1991 году, працаваў у парлямэнцкай камісіі па культуры і захаваньні гістарычнай спадчыны. Быў сузаснавальнікам Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў (БЗВ).

Кіраўніцтва Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў, лета 1995 г. Зьлева направа: Анатоль Гурыновіч, Лявон Дзейка, Мікола Статкевіч, Алесь Станкевіч, Сяргей Чыслаў (стаіць), Мікола Бірукоў. У форме — сябры ДРАБ (дружыны рэгіянальнай аховы і бясьпекі)

Ён быў інтэлектуалам. Інжынэр паводле адукацыі, ён зьдзіўляў мяне глыбокім веданьнем і беларускай, і сусьветнай літаратуры. Быў востры на язык.

Сяргей Навумчык, Уладзімер Арлоў, Лявон Дзейка, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў, Лявон Баршчэўскі, Мікола Крыжаноўскі. Зьезд Партыі БНФ, лета 1995

Ягоныя веды, парлямэнцкі, палітычны і жыцьцёвы досьвед не спатрэбіліся ў той краіне, якой зрабілася Беларусь пасьля 1994 году.

З дня спыненьня паўнамоцтваў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня (9 студзеня 1996) Лявон нідзе ня мог уладкавацца на працу (як і шмат хто з апанэнтаў Лукашэнкі), хоць закон гарантаваў як мінімум працоўнае месца, раўназначнае таму, якое было да дэпутацтва. Але, як кажа наш колішні калега па парлямэнце, «часам не да законаў»...

Уражваюць апошнія запісы Лявона ў фэйсбуку — пра сыход з жыцьця. Перапошчваў песьні пра сьмерць, пазначыў — «Нешта ніхто не разумее, зь якое нагоды мае апошнiя песьнi...», над фатаздымкам у гадавіну сьмерці Генадзя Грушавога напісаў — «Мне ёсьць за кiм пастукацца ў дзьверы...»

Сёньня пастукаўся. Вечная памяць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)