Скандалы

«Гэта і ўваходзіла ў мае пляны». Ігар Макар расказаў пра аўдыёзапіс, апублікаваны МЗС Беларусі

МЗС Беларусі сьцьвярджае, што былы спэцназавец Ігар Макар, які перадаў незалежным СМІ запісы беларускіх сілавікоў, прапаноўваў уладам інфармацыю ўзамен за буйное ўзнагароджаньне, піша Радыё Свабода.

Былы намесьнік камандзіра баявой групы «Алмаз», а цяпер прадстаўнік грамадзянскай ініцыятывы «Беларускі народны трыбунал», даў у панядзелак паказаньні ў Кіеве ў справе аб забойстве Паўла Шарамета ў сувязі з публікацыяй гуказапісу 2012 году, у якім фігуруюць беларускія спэцслужбы. Нядаўна ён апублікаваў запіс з голасам, які нагадвае голас намесьніка міністра ўнутраных спраў Мікалая Карпянкова.

На аўдыёзапісе, які апублікавала МЗС, чуваць гутарка супрацоўніка амбасады Беларусі ў Літве з чалавекам, голас якога нагадвае голас Макара. Той прапануе за вялікае ўзнагароджаньне прадставіць пэўную інфармацыю. Анатоль Глаз з прэс-службы МЗС заявіў агенцтву БЕЛТА, што гэты запіс «недвухсэнсоўна дэманструе відавочныя ашуканскія мэты» Ігара Макара.

У інтэрвію Свабодзе былы спэцназавец пацьвердзіў факт такой размовы і расказаў пра яе абставіны.

— У сярэдзіне чэрвеня 2020 году я атрымаў інфармацыю з маіх ананімных крыніц пра тое, што плянуецца правакацыя з выкарыстаньнем спэцпадразьдзяленьня СБП (Службы бясьпекі прэзыдэнта).

Правакацыя заключалася ў тым, што ў выпадку маштабнага пратэсту і страты кантролю над пратэстоўцамі супрацоўнікі СБП, пераапранутыя ў цывільнае адзеньне, пад выглядам пратэстоўцаў адкрыюць агонь на паражэньне па супрацоўніках АМАПу.

У сувязі з гэтым будзе ўведзенае надзвычайнае становішча, і з дапамогай сілавога блёку, з выкарыстаньнем агнястрэльнай зброі, спэцсродкаў і бранятэхнікі, будзе падаўлены ўвесь пратэст.

Каб пазьбегнуць гэтай правакацыі, Макар вырашыў ня толькі перадаць яе СМІ, але і паказаць афіцыйнаму органу Беларусі, што пра падрыхтоўку правакацый вядома ня толькі спэцслужбам. Апрача таго, паводле Макара, СМІ і блогеры адмаўлялі яму ў публікацыі інфармацыі, лічачы гэта правакацыяй.

— Я зьвярнуўся ў беларускае пасольства ў Вільні. На першай сустрэчы я сказаў, што ў мяне ёсьць вельмі важная інфармацыя, якую я гатовы даць і не хачу займацца палітычнай дзейнасьцю. Я разумеў, што мне прапануюць наступную сустрэчу, якая ўжо будзе запісвацца. Гэта і ўваходзіла ў мае пляны!

На другой сустрэчы мяне запрасілі ў іншы кабінэт, і я расказаў поўную інфармацыю аб правакацыі, якая рыхтавалася з боку спэцслужбаў Беларусі. Указаў крыніцу яе атрыманьня і некаторыя факты, якія пацьвярджалі тое, што дадзеная правакацыя рыхтавалася.

Таксама я расказаў, што дадзеная інфармацыя атрыманая ад майго інфарматара з КДБ. У адказ супрацоўнік амбасады вельмі моцна прасіў мяне здаць дадзенага супрацоўніка. Але я адразу адмовіў.

Далей, каб мой паход у амбасаду быў падобны да праўды і мне паверылі, я сказаў, што за інфармацыю хачу атрымаць круглую суму, і спэцыяльна расказаў хлусьлівую інфармацыю аб тым, што ў Эўропе рыхтуюць забойства былых кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.

Я разумеў, што інфармацыю правераць і зразумеюць, што гэта не зьяўляецца праўдай. Са мной спыняць дыялёг і культурна адмовяць. Так і адбылося.

Гэта і было маім вялікім плянам, падчас якога я дасягнуў свайго выніку. Інфармацыя пра падрыхтоўку правакацый пасольствам была атрыманая і мною папярэджаная. Я застаўся жывы і працягваю сваю ўжо палітычную дзейнасьць.

Макар сьцьвярджае, што МЗС Беларусі не адважылася апублікаваць запіс усёй размовы ў пасольстве, абмежаваўшыся нарэзкай і кампіляцыяй.

— Ці гатовае МЗС або іншыя органы апублікаваць запіс цалкам? Якая была праведзена работа работнікамі МЗС для прадухіленьня дадзенай правакацыі? Ці былі адхіленыя ад службы людзі, датычныя да падрыхтоўкі дадзенай правакацыі? Ці былі заведзеныя крымінальныя справы?

На жаль, адказу на гэтыя пытаньні мы бліжэйшым часам не даведаемся. Але мы ўдзячныя за публікацыю дадзенага запісу, паколькі ён пацьвярджае тое, што афіцыйныя прадстаўнікі беларускай улады ведалі пра рыхтаваныя злачынствы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(61)