Галоўная ідэя і адзіная каштоўнасьць «сілавікоў»

Уся ідэя сілавікоў палягае ў адной немудрагелістай фразе — «выконваць загад». Любы загад, піша Віталь Цыганкоў на Свабодзе.

За апошнія месяцы ў СМІ і сацыяльных сетках я неаднаразова сустракаў аповеды пра тое, як некаторыя «сілавікі» пасьля затрыманьняў і падчас складаньня пратаколаў імкнуліся пагаварыць з затрыманымі. Зразумела, для чаго.

Каб пераканаць ня столькі затрыманага, колькі сябе самога, што ён робіць нешта карыснае і слушнае для краіны. Да таго ж за апошні час зьявілася некалькі інтэрвію кіраўнікоў органаў, якія прынята называць праваахоўнымі, дзе яны ў той ці іншай форме спрабуюць абараніць сваю «ідэалёгію».

Што ж, давайце пагаворым пра гэтую «ідэалёгію». Першы пункт у самаапраўданьні: «Мы абараняем закон». Слухайце, абараняць закон — гэта найперш азначае абараняць грамадзян і караць вінаватых у злачынстве.

То бок калі нехта на вачах ва ўсіх скраў (машыну, грошы ці вынікі выбараў), то людзі, якія абараняюць закон, павінны гэтага чалавека альбо групу людзей схапіць і пасадзіць за краты, пакуль суд ня вызначыць дакладную ступень іх вінаватасьці. А тыя «праваахоўнікі», якія, наадварот, абараняюць злодзея і зламысьніка, самі становяцца ягонымі саўдзельнікамі.

Натуральна, што зусім ня кожны чалавек у форме жадае выглядаць поўным ідыётам, даказваючы, што адзін з удзельнікаў апошніх прэзыдэнцкіх выбараў сапраўды атрымаў 80 працэнтаў (заўважце, дарэчы, што пра 80 працэнтаў яны гаварыць пазьбягаюць). У адным з ананімных інтэрвію «сілавіка» я сустрэў іншую апраўдальную схему — «народ памыліўся, выбраўшы не таго, а мы дзеля краіны выпраўляем гэтую памылку».

Як сказана ў Шэксьпіра, «гэта шаленства, але ў ім ёсьць свая пасьлядоўнасьць». У гэтым «охранительном» аргумэнце магла б быць нейкая прэтэнзія на пэўную аўтарытарную ідэю, калі б захаваньне цяперашняй улады шляхам фактычнага дзяржаўнага перавароту несла хоць нейкую пэрспэктыву краіне.

Але маем усё наадварот — вынікам скрадзеных выбараў становіцца поўны развал дзяржаўных інстытутаў, эканомікі, прававы дэфолт, міжнародная ізаляцыя. Калі яны і хацелі б патлумачыць свае дзеяньні тым, што рабілі гэта «дзеля краіны», то зноў «незалік». Усё, што зроблена, прынесла Беларусі толькі шкоду.

Таму, калі кажуць, што «сілавікі» маюць нейкую ідэалёгію, то гэта выклікае выключна саркастычную ўхмылку. Уся іхная ідэалёгія — гэта тое, што ім было сказана на апошніх палітзанятках і што яны акуратна (бо начальства правярае) занатавалі ў сваіх сшытачках. Калі заўтра ідэолягі будуць расказваць пра подзьвігі Вітаўта і спрадвечную варожую для Беларусі Расею, гэта яны будуць запісваць.

Якая, цікава, ці была ідэалёгія ў тых беларускіх «сілавікоў», якія незадоўга да выбараў затрымлівалі расейскіх вагнэраўцаў? Што яны ім казалі? «Вы, расейскія імпэрыялісты, вырашылі замахнуцца на наш сувэрэнітэт?» Калі б нейкім чынам пасьля 9 жніўня не адбыўся прапагандысцкі разварот і галоўным ворагам, «арганізатарам і каардынатарам» заставалася Расея (як гэта было падчас выбарчай кампаніі), што б казалі «сілавікі» затрыманым — «Колькі вам заплацілі расейскія алігархі?»

Няма ў іх ніякай «ідэі». Можа, унутры і ёсьць — але ўсё гэта ніяк не праяўляецца публічна. Уся іхная ідэя палягае ў адной немудрагелістай фразе — «выконваць загад».

Калі я служыў салдатам у войску, то ніяк ня мог зразумець, чаму ў нашым армейскім жыцьці столькі відавочна тупых і бессэнсоўных заданьняў, літаральна «да абеду капай, пасьля абеду закопвай». Пакуль адзін з афіцэраў (які любіў са мной пагаварыць) не патлумачыў: сэнс у тым, каб прывучыць нармальнага чалавека быць «вайскоўцам», прывучыць яго, не задаючы пытаньняў, выконваць любыя бессэнсоўныя загады і заданьні.

Але ў салдата тэрміновай службы ёсьць «сьвятло ў канцы тунэлю» — дэмабілізацыя, ён ведае, што гэты маразм толькі на паўтара года (раней, у СССР, было два), і потым ён вернецца ў нармальнае жыцьцё. А ўявіце, якая прафэсійная дэфармацыя адбываецца ў чалавека, які там назаўсёды? Тым больш калі ён просты баец, а не афіцэр, у якога ёсьць за што пакутаваць — за пэрспэктывы кар’ернага росту.

Усе, хто маюць хоць нейкую схільнасьць да ўласнай думкі, сваёй чалавечай пазыцыі, здольнасьці прымаць самастойныя рашэньні, зь беларускіх сілавых структураў даўно сышлі. Калі не «даўно», дык дакладна пасьля жніўня-верасьня 2020.

Тыя, хто засталіся, маюць толькі адну каштоўнасьць і адну філязофію — выконваць загад. І калі загад атрымаюць «затрыманых не шкадаваць» — будуць па-зьверску біць; калі загадаюць быць ветлівымі — будуць акуратнымі і ветлівымі. Памятаю, як на мітынгу за незалежнасьць у сьнежні 2019 году міліцыянты былі такія лапачкі — хоць да раны прыкладай.

«Павал Канстанцінавіч, — ветліва казалі яна Паўлу Севярынцу, які з паплечнікамі прадзіраўся скрозь шэрагі людзей у цывільным на прыступкі Палаца Рэспублікі, — ну калі ласка, ня трэба, ня лезьце, не правакуйце». Яны акуратненька, літаральна целамі тады адсоўвалі мітынгоўцаў ад прыступак, не прымяняючы ніякай сілы.

У гэтым сэнсе наіўнымі былі спадзяваньні, што «сілавікі» хоць зь якой структуры (чамусьці беларусы найбольш спадзяваліся на войска) могуць сабрацца, адважыцца і арыштаваць людзей, якія парушылі закон і ажыцьцявілі дзяржаўны пераварот. Апошнія беларускія «сілавікі», якія выконвалі закон, а не загад, прапалі ў канцы 90-х. Зьніклі, у тым ліку і ў літаральным значэньні гэтага слова. Няма такіх цяпер. 25 гадоў службы аўтарытарнай уладзе і 25 гадоў сэлекцыі зрабілі сваю справу.

З другога боку, калі шукаць нават у гэтым нешта станоўчае, то сьмела можна сказаць, што ў новай улады ня будзе ніякай праблемы зь сілавымі структурамі. Скажуць заўтра затрымліваць лукашыстаў — будуць затрымліваць лукашыстаў; скажуць арыштоўваць сваіх баявых паплечнікаў — пойдуць і будуць арыштоўваць.

Будуць арыштоўваць тых, з кім спалі побач у казармах: мы такое ўжо назіралі ў жніўні-верасьні. Акрамя адзінак, ніхто зь іх не пакіне органы, заявіўшы (напрыклад): «Ня буду служыць бабе-прэзыдэнту».

Паняцьце гонару мундзіру даўно зьнікла ў людзей, якія стаяць, як драўляныя балваны, пакуль ім перадаюць «зарад энэргіі». І дарэчы, калі ў Беларусі сапраўды зьявяцца гей-парады (тэма, якая чамусьці асабліва турбуе цяперашніх «сілавікоў»), тыя ж самыя правахоўнікі, атрымаўшы адпаведны загад, будуць як міленькія ахоўваць гэтыя парады. Як міленькія.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(67)