Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Людзям прапануюць: прыязджайце — мы вас пасадзім. Гэта фантастычная сітуацыя

Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Юрыем Дракахрустам ініцыятыву ўладаў па вяртанні палітычных эмігрантаў, а таксама зварот Святланы Ціханоўскай да беларусаў.

Юрый Дракахруст

— Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў скласці план дзеянняў на выпадак вайны. Ці своечасова гэта, улічваючы тое, што вайна ідзе ўжо амаль год? Ці дарэчна?

— Калі вайна толькі пачалася, Ціханоўская казала пра стварэнне антываеннага руху, антываеннага супраціву. Ужо наколькі людзі падтрымалі тыя заклікі, іншая справа. Але тады гэта была вельмі своечасовая заява.

Цяпер жа, праз год, сітуацыя змянілася. Тым больш, што прэс-сакратарка офісу Ганна Красуліна, калі ў яе запыталі пра канкрэтную нагоду для такога закліку, адказала, што ў іх няма нейкіх звестак пра магчымае ўварванне ва Украіну.

Год таму нагода была — пачалася вайна. Заява была зроблена своечасова. Цяпер жа заява да чаго прымеркаваная? Да агульнай сітуацыі. Іншая справа, што і год таму пасля першай заявы і пад многія іншыя заявы, з’язджалі тыя, хто баяўся магчымай мабілізацыі.

У 2022-м была даволі вялікая хваля эміграцыі. Хтосьці з’язджаў ад рэпрэсій, а хтосьці і ад вайны. Апытанне Андрэя Вардамацкага, праведзенае напрыканцы мінулага года, паказала, што вайна для беларусаў уяўляе роўную з эканамічным станам праблему. Вайна як пагроза ўдзелу ў ёй беларускага войска.

Людзі падчас апытанняў тлумачылі, што вайна іх палохае. Зразумела, што яны да яе самі рыхтуюцца, што і не надта патрэбна іх да гэтага заклікаць.

— Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні камісіі для працы з жадаючымі вярнуцца на радзіму. У свой час былыя чальцы лукашэнкаўскай каманды расказвалі гісторыю, як ён у самым пачатку свайго прэзідэнцтва прапаноўваў з дапамогай дэкрэта спыніць цэны. Ці можна з дапамогай указа перамагчы тое, з чым рэжым змагаецца ад жніўня 2020-га?

— Тут справа не ў дэкрэтах. Дэкрэтам, насамрэч, можна абвесціць новую палітыку. І калі эканоміцы не загадаеш, то апарату можна. І ён будзе праводзіць гэтую палітыку. Але ёсць перадгісторыя ўсяго гэтага, якая сведчыць пра поўную абсурднасць сітуацыі. Абсурднасць нават з пункту гледжання ўладаў.

Гэтыя заявы пра вяртанне гучалі яшчэ год таму. Мы памятаем, у якой форме яны гучалі: паўзіце на каленях, кланяйцеся. І пры гэтым вам ніхто нічога не абяцае. Вы паўзіце, а мы ўжо вырашым.

Потым была арганізаваная і запушчаная нейкая праграма «Вяртанне дадому». Некаторыя людзі па розных прычынах па гэтай праграме вярнуліся. Як вядома, пры гэтым 58 чалавек былі рэпрэсаваныя ў той ці іншай меры. І няма ніводнага чалавека, які б вярнуўся, пакаяўся і яго проста так адпусцілі. Няма ніводнага такога выпадку.

Таму з улікам падобнага досведу ўсе гэтыя ўказы азначаюць адно: вы прыязджайце, а мы вас пасадзім. Ну і на каго гэта разлічана? У мяне ёсць ўласная гіпотэза, што гэта, груба кажучы, нейкая нескладуха паміж рознымі ведамствамі, фрагментамі ўлады.

Гледзячы па ўсім, ёсць людзі якія кажуць, што трэба суайчыннікаў вяртаць, бо шмат спецыялістаў з’ехала, напружанне ў грамадстве. Трэба гэтае пытанне вырашаць і перагортваць старонку. Магчыма, гэта нейкія гаспадарнікі, а можа і людзі, якія вызначаюць дзяржаўную палітыку.

А ёсць сілавікі, якія кажуць: няхай вяртаюцца, але саджаць трэба ўсіх, да каго дацягнемся, таго пасадзім. Кожны з гэтых падыходаў паасобку выглядае лагічным і цэласным, я тут маральныя чыннікі выношу за дужкі.

Для рэалізацыі ў поўнай меры першага падыходу трэба абвяшчаць поўную амністыю ўсім. І прадэманстраваць хоць некалькі прыкладаў, што людзі вярнуліся і з імі ўсё нармальна. А на справе атрымліваецца не тое і не сеё. Адны прапануюць: вы вяртайцеся. А іншыя кажуць: і ўсё адно мы вас пасадзім. Гэта фантастычная сітуацыя.

Просты аргумент, што гэтыя падыходы несумяшчальныя, не прыходзіць ім у галаву. Не ведаю, магчыма, у іх у саміх такое ўяўленне, як гэта кажа прапаганда, што на Захадзе ўсё кепска, людзі замярзаюць, пацукоў ядуць. А калі так, то можна дыктаваць любыя ўмовы для вяртання. Але ж сітуацыя, мякка кажучы, не такая.

Таму я нават не ўяўляю людзей, на якіх гэта разлічана. У мяне толькі такое абсурднае тлумачэнне: адно ведамства прапануе такі варыянт, другое — цалкам супрацьлеглы.

Зрэшты, як вядома, усё гэта ўжо было ў 1921 годзе. Але тады савецкая ўлада абвясціла амністыю для белагвардзейцаў. Парадак дзеянняў быў такі: іх спачатку амніставалі, а ўжо потым з каанкрэтнымі людзьмі разбіраліся.

Людзей пусцілі назад, хваля была вялікая — за дзесяць гадоў вярнуліся каля 180 тысячаў чалавек. Іншая справа, што потым здарылася з імі. Некаторых расстралялі адразу па прыездзе, хтосьці тут жа паехаў у лагер, а кагосьці расстралялі пазней. Выжылі нямногія.

Былі некаторыя выключэнні, напрыклад, Аляксей Талстой, але ў асноўным гэтыя людзі пайшлі пад нож.

Для мяне тут ёсць яшчэ адно тлумачэнне. Беларуская ўлада часта дзейнічае паводле прынцыпу «родная партыя кепскае не прыдумае». Тады так рабілі, вось і мы тое самае арганізуем. Навошта? Якім чынам? Не істотна, зробім, як тады.

Дарэчы, як водгук гэтай версіі: прапагандыст Азаронак назваў ініцыятыву Лукашэнкі «сталінскім ходам». І сапраўды. Я казаў пра першую хвалю вяртання, а была ж яшчэ і другая, пасля вайны. Яна была меншая, некалькі дзясяткаў тысяч чалавек. Але для гэтага стваралі адмысловыя камітэты вяртання.

Да слова, у Францыі чальцом такога камітэту быў расійскі філосаф Мікалай Бярдзяеў. Што сведчыць пра тое, што Саветы ўмелі лавіць даволі значных і вядомы фігур. Прыгадаем і Раду БНР, якую ўдалося раскалоць, частка яе чальцоў пагадзілася вярнуцца на радзіму. І, канечне, яны былі расстраляныя.

— На сустрэчы з генпракурорам Лукашэнка загаварыў пра замах на яго і на дзяржслужбоўцаў, які, па яго словах, рыхтуе і фінансуе Захад. Падобныя заявы мы чулі раней неаднойчы. Чаму гэтая прагучала менавіта цяпер?  

— Вось Захаду цяпер толькі і трэба, што забіць Лукашэнку, ён толькі пра гэта думае і марыць. Мы бачым, як ён асцярожна сябе паводзіць з тымі ж санкцыямі. То паўзу рабілі, з падачы Украіны ці не з падачы, але яна была.

Цяпер вось новыя санкцыі, якія не спяшаюцца ўводзіць. Таму з аб’ектыўнага пункту гледжання гэта поўнае трызненне. Я думаю, што насамрэч гэта вербальна-рытарычны сродак гуртавання наменклатуры.

Бо для яго цяпер гэта, я думаю, самае галоўнае. Калі грамадства мўчыць, сцішылася, то самая галоўная небяспека для Лукашэнкі — ягоны ўласны апарат. Прычым у розных сітуацыях. І пры ўмове, што Расія церпіць паразу, і ў выніку яе перамогі.

Калі ў краіне пасвяцца ў вялікай колькасці расійскія войскі, самы час нагадаць уласнай наменклатуры: патану я — патонеце і вы. Незалежна ад таго, хто тут і што. Гаворыцца «Захад», а маецца на ўвазе, магчыма, не толькі ён.  

І не столькі ён, бо заходніх войскаў у Беларусі няма, а расійскія ёсць. І яны тут сябе адчуваюць даволі ўтульна, вольна. А паколькі наўпрост так не скажаш, то і прыдумляюцца розныя «замахі».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(21)