Алесь Пушкін: Нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў ня буду
Мастак катэгарычна адмовіўся прасіць аб памілаванні.
Алесь Пушкін, які ўжо больш як паўгады ўтрымліваецца ў следчай турме ў Жодзіне, працягвае маляваць і вучыць сукамернікаў, а таксама працаваць над п’есай. Аб гэтым «Салідарнасць» даведалася праз ягоную адвакатку.
Паводле яе слоў, Пушкін зноў пагаліўся налыса (цікавая дэталь: амаль 200 год таму вялікі рускі паэт, ягоны цёзка, пасля цяжкай хваробы вымушаны быщ зрабіць тое самае – С.), адчувае сябе добра і на здароўе не скардзіцца, толькі што адзначае, што ў Жодзіне холадна.
Мастак вельмі стараецца падбадзёрыць родных і піша лісты. Але перапіска ў апошні час ускладнілася, і ў абодва бакі цэнзары прапускаюць далёка не ўсю карэспандэнцыю, а некаторыя лісты даходзяць урыўкамі без пачатку або канца.
Алесь Пушкін, «Партрэт пасля зняволення». Малюнак, які дайшоў у адным з лістоў мастака
– Ён вельмі ганарыцца сынам, які сёлета паступіў у медыцынскі ўніверсітэт, і задаволены, што ў таго ўсё добра. Таксама кожны раз перадае сям'і словы падтрымкі, – гаворыць адвакатка.
Акрамя таго, жонцы мастака Яніне стараюцца дапамагаць як сябры сям’і, так і валанцёры, і асуджаныя, якія асабіста ведаюць Алеся.
Нагадаем, Алеся Пушкіна абвінавачваюць у тым, што адна з яго карцін – партрэт антысавецкага падпольшчыка, выстаўлены ў Цэнтры гарадскога жыцця ў Гародні, парушае 130 артыкул Крымінальнага кодэксу («Распальванне нацыянальнай, расавай і іншай варожасці»). За «рэабілітацыю нацызму» мастаку і перформеру, якога праавабаронцы прызналі палітвязнем, пагражае ад 5 да 15 год зняволення.
На дадзены момант пра дату суда над ім нічога не вядома, чарговы дзень народзінаў Пушкін сустрэў за кратамі, а тэрмін знаходжання пад вартай працягнуты да канца лістапада.
Пры гэтым да Алеся звярталіся з прапановай напісаць заяву аб памілаванне, але ён катэгарычна не згодны.
– Сказаў, што нічога дрэннага не рабіў і падпісваць ніякіх прашэнняў не будзе, – перадае словы мастака адвакатка.
Дарэчы, працы беларускага жывапісца-нонканфарміста разам з творамі яшчэ 27 мастакоў свету, многія з якіх таксама зазналі рэпрэсіі ў сваіх краінах, зараз экспануюцца ў Цэнтры сучаснага мастацтва «Уяздоўскі замак» у Варшаве на выстаўцы Sztuka polityczna («Палітычнае мастацтва»), якая працуе з канца жніўня да сярэдзіны студзеня 2022 года. Таксама ў Варшаве працягваецца збор подпісаў пад зваротам да ўладаў Беларусі з патрабаваннем вызваліць Алеся Пушкіна.
Мастачка Руфіна Базлова прысвяціла Алесю Пушкіну сваю новую вышыўку з серыі «Гісторыя беларускай выжыванкі». На дадзены момант кошт працы, выстаўленай на дабрачынны аўкцыён, дасягнуў 500 еўра. Атрыманыя ад продажу сродкі будуць скіраваныя на падтрымку рэпрэсаваных беларускіх дзеячаў культуры.
Фота: facebook.com/rufinartist
Ахвотныя асабіста падтрымаць мастака могуць дасылаць лісты і паштоўкі: Следчая турма №8. 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А, Аляксандр Мікалаевіч Пушкін.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное