Калі ў Беларусі толькі пачалі заводзіць вялікую колькасць крымінальных справаў палітычнай афарбоўкі, у адвакатаў яшчэ былі інструменты для таго, каб гэта рабіць. Але чым больш раскручвалася спіраль рэпрэсій, тым большым рабіўся і ціск на адвакатаў і праваабаронцаў.
Алена Маслюкова: «Тое, што адбываецца сёння з адвакатамі — толькі адзін з сегментаў, праз якія ўлада цісне на людзей, імкнучыся задушыць любую альтэрнатыўную думку»
Праваабаронца — пра кадравы голад у адвакатуры і сістэму, што гніе знутры.
З 8 лютага Камітэт ААН па правах чалавека не прымае скаргі ад беларусаў — афіцыйны Мінск дэнансаваў факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, цяпер гэтае рашэнне ўступіла ў сілу.
Усё цяжэй абараніць свае правы і ўнутры краіны — на нядаўнім паседжанні Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў (БРКА) было агучана, што за два гады ў краіне паменела на 411 адвакатаў.
Зыход адвакатаў з прафесіі працягваецца, гэтаксама як і ціск на іх праз «зачыстку» нелаяльных да дзейснага рэжыму. Якім бачыцца сённяшні стан адвакатуры, наколькі звузілася роля абаронцаў і што чакае ў перспектыве ўсю сістэму, якая не можа спыніцца, Филин пагутарыў з праваабаронцай Аленай Маслюковай.
— Мінус чатырыста адвакатаў за два гады — мякка кажучы, змрочны вынік.
— Так, безумоўна. Але трэба разумець, што мы гаворым пра дзяржаву, кіраўнік якой ужо дзесяцігоддзі запар лічыцца нелегітымным у цывілізаваным свеце, які ўзурпаваў уладу і які выказаў «каронны» пастулат «не да законаў».
Адштурхоўваючыся ад гэтага выказвання, мы бачым абсалютную прававую дэградацыю ў Беларусі.
Працэс быў запушчаны з першым вітком масавых рэпрэсій, катаванняў і жорсткага абыходжання з людзьмі, якія мелі іншыя погляды на дэмакратыю Беларусі, на права мець голас і свабодна выказвацца, выходзіць на мірныя акцыі пратэсту і бараніць свае правы — у прынцыпе, любыя правы, гарантаваныя Усеагульнай дэкларацыяй правоў чалавека і замацаваныя, прынамсі, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Тое, што адбываецца сёння з адвакатамі — гэта толькі адзін з сегментаў, адзін з накірункаў, па якіх улада працягвае ціснуць на грамадства, імкнучыся задавіць любую альтэрнатыўную думку і пазбавіць людзей магчымасцяў бараніць і сябе, і родных, і, наогул, свае правы.
У любой нармальнай дэмакратычнай краіне існуе інстытут адвакатуры, які абсалютна незалежны і галоўная задача якога — абараняць сваіх падапечных у межах дзеючага заканадаўства.
На жаль, зазначае Алена Маслюкова, беларуская дзяржава мае механізмы, каб досыць лёгка пазбавіцца ад адвакатаў. Сярод такіх рычагоў — пазбаўленне ліцэнзій, неатэстацыя кваліфікацыйнай камісіяй і, па сутнасці, пазбаўленне права на прафесію, нарэшце, крымінальны пераслед саміх абаронцаў.
— І першай пад удар трапіла менавіта тая частка адвакатуры, якая сапраўды працавала сумленна, тыя, хто сапраўды абараняў падапечных, прафесійна вёў справы, паказваў сістэме ўсе парушэнні, якія здзяйсняліся, выкрываў хібы следства. Іх пачалі прапускаць праз сіта разнастайных камісій, што знаходзілі падставы, каб пазбавіць чалавека працы.
Самае жорсткае, што было прыменена — узбуджэнне крымінальных спраў супраць адвакатаў, узяцце іх пад варту, а потым, па вынясенні прысудаў, і пазбаўленне волі. У гэтым плане «класічныя» прыклады — справа Максіма Знака, з нядаўніх — прысуд Віталю Брагінцу, які быў у тым ліку абаронцам нашага сябра, кіраўніка, Нобелеўскага лаўрэата прэміі міру Алеся Бяляцкага.
Калі адвакат стаіць на пазіцыях права і законнасці, ён можа супраціўляцца сістэме да пэўнага моманту, зазначае праваабаронца, але потым на яго пачынаюць ціснуць так ці інакш. Таму ў значнай колькасці выпадкаў прафесіяналы сышлі з адвакатуры самі, не чакаючы ганебных пераатэстацый ці тым больш арышту. І многія, гэтаксама як іхнія падабаронныя, мусілі з’язджаць з Беларусі, ратуючыся ад пераследу.
— У Беларусі ўсё больш распаўсюджваецца практыка «завочных судоў». Што можа, і ці можа, у гэтым выпадку зрабіць адвакат, калі некаторыя нават баяцца званіць сваім падабаронным, хто знаходзіцца за мяжой?
— Сапраўды, ёсць такія адвакаты, якія баяцца нават званіць беларусам, хто, з'ехаўшы за мяжу, усё адно трапілі пад узбуджэнне супраць іх крымінальных спраў. І, сапраўды, лішні раз увогуле зрабіць штосьці на карысць палітвязняў баяцца.
Я ведаю выпадкі, калі адвакаты ўгаворваюць не падаваць скаргі на вынесены прысуд, фактычна падманваючы сваіх кліентаў, маўляў, «можа стаць яшчэ горш», хаця, насамрэч, мы не фіксавалі такіх сітуацый. Шмат выпадкаў, калі адвакаты раюць прызнаваць віну, якую падабаронныя за сабой не адчуваюць, і г.д.
Што да сутнасці саміх «завочных судоў» — гэта, натуральна, поўнае прававое бясчынства, якое паказвае непрафесіяналізм следчых органаў, суддзяў і сістэмы цамкам. Якое, дарэчы, характарызуе з адмоўнага боку не таго чалавека, які, ацаніўшы і ратуючы сваю свабоду, з'ехаў за мяжу, а склаўшуюся ў Беларусі сістэму, якая і займаецца фактычна парушэннем правоў чалавека, падлогамі, катаваннямі.
Тлумачыцца гэта проста: імкненнем дыктатуры выжыць. Улады лічаць, што запалохаюць яшчэ больш людзей крымінальным пераследам і, умоўна, прысудам у 8 гадоў.
Але, выбачайце, калі чалавек знаходзіцца ў дэмакратычнай краіне, пад іншай юрысдыкцыяй, яму абсалютна ўсё адно, што там вырашыў суд у Беларусі — ён выехаў і будзе жыць нармальна у вольнай краіне.
— У цяперашніх умовах да чаго зводзіцца сэнс прафесіі адваката, калі па змоўчанні выйграць ніводную «палітычную справу» немагчыма, і жорсткасць прысудаў не залежыць ад наяўнасці ці адсутнасці абаронцы? Свежы прыклад — «рэйкавыя партызаны» з Бабруйска, якія атрымалі па 22 гады.
— Тут, на жаль, няма розніцы, ці ідзе гаворка пра бабруйскіх «рэйкавых партызанаў», ці пра мазырскіх, ці пра светлагорскіх, якія атрымалі 66 год пазбаўлення волі агулам, — усё гэта паказ размаху дзейнасці рэпрэсіўнай машыны, адсутнасці прафесіяналізму следчых органаў, дэградацыі судовай сістэмы і, увогуле, захавання хаця б якой логікі ў іх дзеяннях і рашэннях. Прафесійнага гонару не засталося, бо відавочна поўнае прыстасаванне да патрабаванняў сістэмы.
Безумоўна, адвакаты таксама баяцца — яны людзі. Ведаю, што ў многіх згаданых выпадках працавалі абсалютна сумленныя, адукаваныя адвакаты. Але яны пастаўленыя цяпер у такія ўмовы — што б і як яны ні рабілі, абараніць чалавека фактычна могуць толькі сваёй прысутнасцю падчас следчых дзеянняў (думаю, што гэта ўсё ж стрымлівае следчых ад фізічнага ўздзеяння на людзей) і, магчыма, крыху зменшыць псіхалагічны ціск на абвінавачаных.
Чалавек бачыць, што ён знаходзіцца не адзін пад час допытаў і гэта хаця б падтрымлівае маральна. І хоць адвакаты маюць падпіскі аб неразгалошванні справы, але, мабыць, няма такіх падпісак, якія забараняюць распавесці, як пачуваецца чалавек, якія ў яго ёсць патрэбы.
Цяпер мы дайшлі да таго ўзроўню, калі праца адваката зводзіцца да кантактаў паміж сям’ёй і абвінавачаным. Хаця гэта няправільна, гэта не ёсць функцыя адваката, можа, толькі адна сотая частка яго работы.
— На вашу думку, што чакае сістэму далей, калі «зачысткі» і адток прафесіяналаў працягнуцца? На паседжанні БРКА прызналі кадравую праблему і заявілі, што вырашаць яе плануюць за кошт маладых — чытай, лаяльных. Выціснуць сумленных, набяруць лаяльных — а што далей?
— Чамусьці прыгадваецца класічная карціна «Здзіранне скуры з прадажнага суддзі» Герарда Давіда, — усміхаецца Алена Маслюкова. — Не ў літаральным сэнсе, маю на ўвазе. Калі сістэма рыхтуе і выхавае такую «прадажную» замену, то гэта праблема самой сістэмы у вельмі блізкай будучыні. Чым больш хібаў у ёй ёсць, тым хутчэй яна рухне.
Колькі выбудоўвалася сістэма, у тым ліку судовая, у СССР? Але ўсё ж яна сама сябе знішчыла. Тое самае адбудзецца і ў Беларусі. І гэта не пытанне 70-гадовай перспектывы, усё будзе адбывацца значна больш імкліва.
Чым хутчэй сістэма прагніе знутры, што яна зараз і робіць, тым хутчэй адбудуцца змены. Галоўнае, каб грамадства было гатовае да дэмакратычных пераменаў, прызнавала і прымала дэмакратычныя каштоўнасці і правы чалавека, ведала механізмы абароны гэтых самых правоў.
Пастаянна сутыкаючыся з гэтым пеклам, думаеш: да якой ступені тое, што адбываецца, можа быць сюрэалістычным? Гэта нават не выварат рэальнасці, а як быццам з цябе скуру садралі і вывернулі яе трыццаць пяць разоў, і нават выпаласкаць яе немагчыма, каб назад апрануць чыстую.
Але ўсё ж такі надзеі на перамены ёсць, бо чалавечае цярпенне не бясконцае. Аптымізму мне прыдае той факт, што ў гісторыі чалавецтва ўсе створаныя імперыі рана ці позна распадаліся, усе дыктатуры заканчвалі свой век поўным крахам і правалам.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное