Политика
Зміцер Лукашук, Еўрарадые

Ціхіня: У Віскулях зрабілі дзяржаўны пераварот, і Гарбачоў мусіў арыштаваць іх

Інтэрв'ю з адзіным дэпутатам Вярхоўнага Савета, які прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення.

Даведка Еўрарадыё:Валерый Ціхіня — юрыст, дзяржаўны дзеяч. З 1989 па 1990 год — міністр юстыцыі БССР, з 1990 па 1991 — сакратар ЦК КПБ, з 1991 па 1994 — дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі, з 1994 па 1996 — старшыня Канстытуцыйнага суда, з 2002 года — загадчык кафедры Мінскага інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. Адзіны з дэпутатаў Вярхоўнага Савета, хто прагаласаваў супраць ратыфікацыі Белавежскага пагаднення.

Еўрарадыё: 8 снежня ў Віскулях кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі Белавежскае пагадненне, якое скасоўвала СССР. А 10 снежня Вярхоўны Савет Беларусі галасаваў за ратыфікацыю гэтага дакумента. Вы былі адзіным, хто прагаласаваў супраць. Чаму?

Валерый Ціхіня (паклаўшы перад сабой ксеракопіі сваіх выступаў у СМІ і нейкі дакумент, падобны да дакладу для канферэнцыі): Таму што ў сакавіку 1991 года каля 80% удзельнікаў усесаюзнага рэферэндуму выказаліся за захаванне СССР. Прычым вынікі гэтага рэферэндуму для ўсіх, у тым ліку і для белавежскіх падпісантаў, былі абавязковымі, а не рэкамендацыйнымі. І я не мог ісці насуперак волі большасці. Апроч таго, калі белавежскія падпісанты так ужо хацелі разбурыць Савецкі Саюз, то дзейнічаць яны мусілі легальна і пачынаць з адмены саюзнай Канстытуцыі. Нават студэнту першага курса юрфака вядома, што Белавежскімі пагадненнямі нельга адмяніць Канстытуцыю. Да ўсяго, у асобных рэспубліках СССР неабходна было б спачатку адмяніць дзейную Саюзную дамову ад 1922 года. Гэта не было зроблена.

Ну, і што мы, былыя савецкія грамадзяне, атрымалі пасля развалу СССР? Расколатае грамадства, дзе мільёны людзей сталі ізгоямі, прыватызацыю, больш падобную на арганізаванае раскраданне саюзнай уласнасці, карупцыю, інфляцыю і шматлікія ачагі міжнацыянальнай напружанасці. Да ўсяго, мы атрымалі аднапалярны свет з лідарам у выглядзе ЗША. Я не хачу ідэалізаваць савецкую прававую сістэму, у якой былі пэўныя недахопы. Але нам варта было ад гэтага саюзнага ўтварэння, якое было нашым агульным багаццем, узяць лепшае і адкінуць горшае. Як гэта зрабілі ў тым жа Кітаі.

Еўрарадыё: У тым Вярхоўным Савеце большасць складалі артадаксальныя камуністы — чаму яны не прагаласавалі супраць Белавежскага пагаднення і за захаванне СССР?

Валерый Ціхіня: У той час ішоў “парад суверэнітэтаў” саюзных рэспублік. Мяркую, менавіта праз гэты негатыўны фон і былі такімі вынікі галасавання.

Еўрарадыё: Вы думаеце, што захаваць СССР на той момант яшчэ можна было? Нават з улікам таго, што ў згаданым вамі рэферэндуме за захаванне СССР шэсць саюзных рэспублік проста адмовіліся браць удзел!

Валерый Ціхіня: Думаю, СССР можна было захаваць. Вы ж памятаеце, каля 80% удзельнікаў рэферэндуму прагаласавала за захаванне. Як можна ігнараваць волю большасці!

Еўрарадыё: Па словах Станіслава Шушкевіча, ідэю падпісаць дакумент, які прызнаваў, што СССР скончыў сваё існаванне, падаў марксіст-ленінец, Дзяржсакратар РСФСР Бурбуліс. Як такое патлумачыце?

Валерый Ціхіня: Сапраўды, гэта ідэя Бурбуліса. Ён аказаўся тым, каго называюць пярэваратнем. Гэта справа яго сумлення. Але нельга было волю народа ігнараваць! А  яшчэ лічылі сябе дэмакратамі — волю большасці не ўлічылі. Адсюль пытанне: што спрыяла праяве такога прававога цемрашальства ў канцы XX стагоддзя? Барыс Ельцын, падпісваючы гэтае пагадненне, імкнуўся пазбавіцца прысутнасці Міхаіла Гарбачова ў Крамлі. Якога ён, мякка кажучы, не паважаў. Ельцын марыў стаць “царом усяе Русі”. Леанід Краўчук, Станіслаў Шушкевіч таксама пераследавалі свае меркантыльныя інтарэсы.

Працяг чытайце тут

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)