gazetaby.com

Беларускі калегіум можа знікнуць

02.03.2014 БЕЛСАТ

Беларускі калегіум – адзін з найстарэйшых незалежных беларускіх адукацыйных праектаў, неўзабаве можа знікнуць праз нястачу рэсурсаў.

Паводле Валянціна Акудовіча, на сённяшні дзень усе выкладчыкі працуюць на валанцёрскіх пачатках, а ў такім рэжыме навучальнай установе цяжка пратрымацца. Апроч гэтага, ёсць праблемы з памяшканнем.

Такім чынам, установа з найлепшымі інтэлектуальнымі кадрамі Беларусі, традыцыямі ды досведам можа знікнуць. Пры гэтым відавочна, што Калегіум не рэалізоўвае свайго патэнцыялу. Шмат хто з беларускіх палітыкаў і публічных дзеячаў да нядаўняга часу звязваў мару аб беларускамоўным універсітэце з Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам у Вільні, у той час як пад бокам працаваў цалкам беларускамоўны Калегіум.

Незвычайны адукацыйны праект

Беларускі калегіум ніколі не прэтэндаваў на тое, каб называцца вышэйшаю навучальнай установаю. Праект паўстаў у 1997 г. і быў арыентаваны на выкладанне найноўшых тэндэнцыяў у навуцы ды не дублюе існых праграмаў дзяржаўных і недзяржаўных універсітэтаў.

Як і напрыканцы дзевяностых, сёння ў Калегіуме тры праграмы: філасофія і літаратура, журналістыка, гісторыя. Заняткі адбываюцца па вечарох адзін ці два разы на тыдзень. Адвучыўшыся 2 гады, студэнты атрымоўваюць сертыфікат. Ён не замяняе дыплому аб вышэйшай адукацыі ды таму мае хутчэй сімвалічнае значэнне.

Росквіт і найбольшая папулярнасць Калегіуму прыпалі на канец 90-х – пачатак 2000-х. Сёння ж згадкі пра Калегіум у медыя-прасторы можна знайсці толькі раз на год – у верасні, калі Калегіум абвяшчае чарговы набор. Дызайн сайту не мяняўся 10 гадоў.

Школа беларускай інтэлектуальнай эліты

Нягледзячы на тое, што Калегіум не мае статусу ўніверсітэту, ні адна з беларускіх навучальных установаў не можа пахваліцца такім складам выпускнікоў. Можна смела сказаць, што праз Калегіум прайшло цэлае пакаленне маладой беларускай інтэлектуальнай эліты.

Аддзяленне філасофіі і літаратуры скончылі журналіст Глеб Лабадзенка, паэтка і перакладчыца Марыйка Мартысевіч, рэдактарка часопісу перакладной літаратуры Юля Цімафеева, пісьменніца Аксана Спрынчан, лаўрэаты прэміі "Дэбют" Наталка Харытанюк, Уладзь Лянкевіч і Андрэй Адамовіч. Аддзяленне журналістыкі наведвалі Сяргей Будкін, Дар"я Сітнік, Аксана Яноўская. На аддзяленні гісторыі вучыліся палітолагі Андрэй Казакевіч і Аляксей Ластоўскі.

"Менавіта пад кіраўніцтвам і ўплывам выкладчыкаў Калегіуму я напісала сваю першую крытыку ды эсэістыку. Лекцыі чыталі выкладчыкі іншых школаў і дысцыплінаў, чым у маім універсітэце (філалагічны факультэт БДУ). Запрашаючы выкладчыкаў, кіраўнікі Калегіуму аддавалі прыярытэт змястоўным тэмам і канцэпцыям, а не таму, што "паложана" вывучаць паводле нейкай спушчанай зверху праграмы", – кажа Марыйка Мартысевіч.

З літаратаркаю пагаджаюцца і сённяшнія наведнікі Калегіуму. Паводле студэнта другога курсу філасофіі і літаратуры Мікіты, навучальная ўстанова мае вельмі зручны фармат. Заняткі адкрываюць цэлыя пласты ведаў, пры гэтым няма ніякай "абязалаўкі". "Калегіум – гэта жыццёвыя аддушына. Пасля ўсёй гэтай будзённасці мы разважаем тут пра розныя экзістэнцыйныя пытанні. А ходзяць сюды тыя, каму гэта сапраўды цікава", – дапаўняе калегу Алесь Куляшоў.

Ці ёсць будучыня ў Калегіуму?

У сённяшніх умовах весці гаворку пра Беларускі ЕГУ ўжо бессэнсоўна, і таму, мажліва, грамадскасці варта пераключыць сваю ўвагу на такія праекты, як Беларускі калегіум, які патэнцыйна можа прынесці беларускай справе яшчэ шмат карысці.

При частичном или полном использовании материалов сайта гиперссылка на сайт газеты "Салiдарнасць" обязательна.
© "Салiдарнасць", 2006   |   gasetaby@gmail.com