Спецпроект:
22.03.2014
Сяргей Балай
Нацыянальны герой Беларусі прайшоў па Вільні праз 150 гадоў пасля смерці

Як у Вільні ўшанавалі памяць Кастуся Каліноўскага.

У літоўскай сталіцы адбыўся мітынг-рэквіем і набажэнства, прысвечаныя 150-м угодкам смерці Кастуся Каліноўскага.

Ушанаваць памяць нацыянальнага героя Беларусі з Мінска выправілася больш за 100 чалавек. Да урачыстай падзеі далучыліся беларусы Вільні, Польшчы. Акрамя беларусаў у шэсці прынялі ўдзел літоўцы, палякі і украінцы.

Перш за ўсё ў гонар Кастуся Каліноўскага адбылося набажэнства ў Дамініканскім касцёле, у скляпеннях якога герой правеў апошнюю ноч і адкуль ён пачаў свой шлях да шыбеніцы ранкам 22 сакавіка 1864 года. Пасля набажэнства да мемарыяльнай дошкі на Дамініканскім касцёле прынеслі кветкі і вянкі.

Пад бел-чырвона-белымі сцягамі шэсце рушыла да Лукішскай плошчы. Побач з нацыянальным беларускім луналі сцягі Літвы і Украіны (з апошняй удзельнікі шэсця праяўлялі шчырую салідарнасць). Узначаліў шэсце паэт Уладзімір Някляеў ды старшыня Таварыства беларускай культуры ў Вільні Фёдар Нюнька.

Шэсце дайшло да мемарыяла на месцы смерці Каліноўскага на Лукішскай плошчы, дзе да ўсіх прысутных звярнуліся лідэр руху «За свабоду!» Аляксандр Мілінкевіч, Фёдар Нюнька, Уладзімір Някляеў, Юрась Беленькі. З прамовай выступіў вядомы літоўскі грамадскі дзеяч, палітык і мастацтвазнаўца Вітаўтас Ландсбергіс.

Пасля ўрачыстасцяў на Лукішскай плошчы жадаючыя рушылі да Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітету, дзе адбыўся канцэрт-рэквіем.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.6 (оценок:77)