Общество
Сямён Печанко

«У Афрыцы на навукоўцаў трацяць удвая больш»

Былы кіраўнік Акадэміі навук Аляксандр Вайтовіч у экспрэс-каментары «Салідарнасці» расказаў пра рэальны стан беларускай навукі.

24 студзеня Аляксандр Лукашэнка ўручыў дыпломы доктара навук і атэстаты прафесара навуковым і навукова-педагагічным супрацонікам. У часе мерапрыемства ён сярод іншага адзначыў, што прыступаючы да пераўтварэнняў, у краіне зыходзілі з таго, што перадавая навука не толькі пытанне прэстыжу, але і адзін з гарантаў нацыянальнай бяспекі дзяржавы.

— Тут вельмі важна не секчы з пляча, а абавязкова зберагчы моцную Акадэмію і іншыя навуковыя цэнтры як крыніцы інтэлектуальнай энергіі, адкуль можна чэрпаць наватарскія ідэі для паспяховага развіцця краіны, — цытуе кіраўніка дзяржавы БЕЛТА.

— Ён усё правільна тут сказаў. Не толькі ў навуцы, але і ў палітыцы, і эканоміцы, і ў іншых сферах нельга секчы з пляча. Гэта ж не нейкія мабілізацыяныя меры, не ваеннае становішча, — сказаў у экспрэс-каментары «Салідарнасці» акадэмік Аляксандр Вайтовіч, які ў 1997-2000 гг быў прэзідэнтам Акадэміі навук.

Аднак, як кажа суразмоўца, з пляча па айчыннай навуцы такі секанулі:

— Калі прызначылі кіраўніком Акадэміі навук непрафесіянала Мясніковіча, то як гэта інтэрпрэтаваць? У такіх справах нельга эксперыментаваць. Тут трэба з вялікім розумам падыходзіць, аналізаваць папярэдне.

Па яго словах, Акадэмія навук многае згубіла за апошнія дзесяцігоддзі:

— Не скажу, што ўсё страчана — яна працуе, тут ёсць людзі. Але трымаецца ўстанова ў асноўным на супрацоўніках сталага веку. Маладыя людзі не ідуць у навуку. Гэта цяпер непрэстыжна, тут малыя заробкі.

Акадэмік Вайтовіч прыводзіць наступныя лічбы: у сярэднім у год на аднаго навуковага супрацоўніка ў Беларусі траціцца каля $ 22000. Для параўнання — у краінах СНД у сярэднім гэтая лічба складае каля $ 66000. Нават у краінах Паўночнай Афрыкі выдаткі на навукоўцаў удвая перавышаюць беларускія.

Навуковец робіць выснову, што для выйсця з сённяшняй сітуацыі трэба вельмі шмат мэтанакіравана працаваць.

— Даўно пара займець праграму развіцця краіны, якая ў сваю чаргу безумоўна павінна ўключаць і план развіцця навукі. Як гэта было ў краінах, што з бедных ператрварыліся ў лідараў па эканамічна-сацыяльным развіцці. Паўднёвая Карэя і Сінгапур, напрыклад. А ў нас апошнія дваццаць год ёсць нібыта стабільная ўлада, у якой, аднак, ніяк не дойдуць рукі да такой праграмы. Жывём па прынцыпе «неяк будзе».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)