Общество
Анастасія Зелянкова

Чаму Анатоль Тарас не хоча стаць 101 выдатным дзеячам Беларусі?

Пяць новых брашур пра нашых славутых землякоў выйшлі ў серыі “100 выдатных дзеячаў беларускай культуры”. Сярод іх — Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Канчэўскі і Міхаіл Пташук.

— У нашай краіне ёсць шмат людзей, якія ўсё стогнуць, што наша мова і культура ў заняпадзе. Мы не стогнем. Мы працуем. Наш інстытут робіць усё магчымае для падтрымкі беларускай мовы і культуры. Мы выдаём кнігі, і вось яшчэ адзін унёсак, — прадставіў сваю працу заснавальннік і рэдактар серыі гісторык Анатоль Тарас.

Так за 10 месяцаў у серыі «100 выдатных дзеячаў беларускай культуры» выйшлі 10 брашур, прысвечаных Ігнату Буйніцкаму, Уладзіславу Галубку, Рыгору Шырму, Мітрафану Доўнару-Запольскаму і іншым славутым землякам. Сёння да іх далучылася яшчэ пяць — Уладзіслаў Сыракомля, Ян Чачот, Вацлаў Ластоўскі, Ігнат Канчэўскі і Міхаіл Пташук.

— Праз 3-3,5 гады, думаю, будзе выдадзена ўся серыя, — адзначыў Анатоль Тарас. — Што далей? А далей, калі выдадзем №100, пачнем серыю “200 выдатных дзеячаў”, затым 300...

— Трэба сто першай выдаць брашуру пра Анатоля Тараса, — прапанавалі з залы.

— Ды не дай Бог, — адразу ж адгукнуўся Тарас, патлумачыўшы, што планаў на жыццё ў яго значна больш.

Аўтарка некалькіх брашур Ірына Шумская знайшла агульную рысу ва ўсіх герояў серыі.

— Гэтыя людзі інтарэсы Бацькаўшчыны ўзносілі значна вышэй за свае асабістыя. Яны аддалі ўсіх сябе Беларусі, а Беларусь, на жаль, пра іх успамінае вельмі рэдка.

Многія прысутныя адзначалі, што ў будучым па гэтым матэрыяле павінна быць створана энцыклапедыя.

— На сёння ёсць дзве энцыклапедыі Беларусі, — патлумачыў адзін з аўтараў серыі журналіст Аляксандр Тамковіч. — Першая была выдадзена да 1992 года і шмат хто ў яе патрапіць не паспеў, а з другой, што створана пры сённяшняй уладзе, многіх павыкідвала цэнзура. Таму гэтая серыя вельмі карысная.

Прыйшоў выказаць падзяку Анатолю Тарасу за яго працу на ніве нацянальнага адраджэння і паэт Генадзь Бураўкін.

— Мне здаецца, мы разрываем дзве рэчы, якія разрываць нельга – нацыянальную мову і культуру і нацыянальную дзяржаву, — адзначыў Генадзь Бураўкін. — Калі ёсць нацыянальная дзяржава, то ў мовы ёсць перспектыва. Калі няма, то не. З гэтым рэжымам мы хутка страцім адзнакі нацыянальнай дзяржавы і станем нейкім дзяржаўным утварэннем. У такі час, як у нас, у час хама, трэба будзіць у беларусаў пачуццё нацыянальнага, адукоўваць іх. І гэтая праца — лепшы спосаб.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)