У Лондане з’явіцца беларуская царква памяці ахвяраў Чарнобыля
Мясцовая рада лонданскага раена Барнэт ухваліла на гэтым тыдні праект пабудовы беларускай царквы імя святога Кірылы Тураўскага. Пабудова мае стаць першым беларускім храмам-помнікам ахвярам Чарнобыльскай катастрофы за мяжой.
Паўстагоддзя ў Лондане
Амаль адразу пасля Другой сусветнай вайны, калі ў Вялікабрытаніі апынуліся тысячы жаўнераў-беларусаў Арміі Андэрса, рэктар Беларускай каталiцкай мiсii ўсходняга абраду айцец Чэслаў Сіповіч заснаваў у Лондане Беларускі рэлігійна-культурны цэнтр імя святога Кірылы Тураўскага. Ягоная сядзіба размясцілася ў “Марыйным доме” ў раене Паўночны Фінчлі (North Finchley). Тут жыла група беларускіх святароў-марыянаў, месцілася капліца, школа-інтэрнат для хлопцаў і ўнікальны кнігазбор, што стаў асновай для адкрытай па суседстве Беларускай бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны.
Цягам паўстагоддзя Беларускі цэнтр на поўначы Лондана з’яўляецца ядром беларускага жыцця на Брытанскіх выспах. У 2009-2012 гадах “Марыйны дом” перажыў грунтоўную рэканструкцыю. У бліжэйшай перспектыве побач з ім мае паўстаць і паўнавартасная царква.
— Ужо больш за паўстагоддзя ў Беларускім цэнтры адбываюцца богаслужбы па-беларуску, — распавядае святар Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Сяргей Стасевіч. — Разам з тым, у нас ніколі не было сапраўднага храма (царква заўжды месцілася ўнутры жылых будынкаў). Паколькі мы хочам захаваць тут сімвалічную Беларусь, для рэпрэзентацыі нашай культуры і рэлігіі не хапае паўнавартаснай царквы. Гэта першае, аб чым я падумаў, прыехаўшы ў Лондан сем год назад. Кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандр Надсан падтрымаў маю ініцыятыву.
Архітэктар ад Бога
Аўтарам праекта стаў малады лонданскі архітэктар кітайскага паходжання Цзыўай Рафаэль Со.
Паводле айца Сяргея, знайсці архітэктара было сапраўднай праблемай.
— Мясцовыя спецыялісты не разумелі нават сэнс слова "беларуская". Працаваць з беларускімі архітэктарамі таксама немагчыма, бо тэхнічныя нормы ў дзвюх краінах істотна адрозніваюцца, — распавядае святар. — Патрэбен быў мясцовы спецыяліст, які б ажыццявіў праект на аснове беларускай архітэктурнай традыцыі. І Бог паслаў нама яго ў асобе Рафаэля Со, які зайшоў неяк павітацца па-суседску, а ўрэшце прыняў хрост у нашай царкве ды стаўся беларусам паводле духу.
“На пачатку я нічога не ведаў не толькі пра беларускую традыцыйную архітэктуру, але і пра Беларусь, — распавядае Цзыўай Рафаэль Со. — Задача была няпростая, бо Беларусь — гэта такая сабе Атлантыда. У сучасным разуменні яна не існавала на палітычнай мапе да 1918 года. Але людзі жылі на гэтай зямлі тысячы год. Чым болей я чытаў, тым болей даведаўся, што менавіта продкі цяперашніх беларусаў складалі аснову жыхароў Вялікага княства Літоўскага. Яны былі носьбітамі развітай еўрапейскай культуры, чым сення могуць ганарыцца. І Грэка-каталіцкая ці Ўніяцкая царква была не проста самай распаўсюджанай рэлігіяй на гэтых землях, але і неад'емным складнікам гэтай культуры”.
Праштудыяваўшы стосы кніжак, лонданскі архітэктар разам з айцом Сяргеем выправіўся на Беларусь, каб на ўласныя вочы пабачыць сакральныя аб’екты традыцыйнай драўлянай архітэктуры. Летась ен пабываў ў Строчыцах, Лідзе, Івацэвічах, а таксама ў весках і мястэчках на гістарычнай Віленшчыне і Палессі.
Новае жыцце драўлянай архітэктуры
Беларуская царква святога Кірылы Тураўскага ў Лондане мусіць стаць своеасаблівым помнікам беларушчыне, увасабленнем беларускага духу і адлюстраваннем нашай культуры.
— Я назаўжды запомніў словы айца Аляксандра Надсана: "Беларусы не лепшыя і не горшыя за іншыя народы. У нас есць свая ўнікальная мова і культура, дадзеныя нам Богам. Мы павінны іх захоўваць, бо без гэтага не будзе нас", — тлумачыць Цзыўай Рафаэль. — Гэтым праектам, які я раблю ад сэрца, а не дзеля грошай, хачу прадэманстраваць, што апроч тысячагадовай гісторыі, прыгожай мовы і багатай літаратуры ў беларусаў есць і таленавітыя архітэктары. Калі запытацца ў сярэднестатыстычнага брытанца пра беларускую архітэктуру, у лепшым разе ен скажа нешта пра рускія цэрквы з характэрнымі цыбулінамі. Менавіта таму я прысвяціў асаблівую ўвагу вывучэнню вежаў-сігнатурак у беларускай традыцыйнай архітэктуры. І адразу адмовіўся ад "цыбуліны".
Царква, спраектаваная ў адпаведнасці з традыцыяй беларускага дойлідства, будзе выкананая ў эфектным спалучэнні дрэва і шкла.
— Амаль ніхто ў Беларусі сення не дбае пра драўлянае дойлідства. Яно няўмольна знікае разам з беларускай вёскай. Наша царква — ягоны працяг у 21 стагоддзі. Працяг на чужыне, дзе воляй лесу апынуліся беларусы, продкі якіх маліліся ў такіх бажніцах. Спадзяюся, што наш цэнтр з царквой і абноўленай бібліятэкай-музеем імя Францішка Скарыны ў будучыні стане сапраўднай турыстычнай атракцыяй Лондану, — дзеліцца айцец Сяргей.
Памяці ахвяраў “нашай Хірасімы”
Цзыўай Рафаэль прызнаецца, што падчас пошукаў патрэбнага дызайна моцнае ўражанне на яго зрабілі драматычныя кадры палаючай царквы з фільма Элема Клімава “Ідзі і глядзі” паводле "Хатынскай аповесьці" Алеся Адамовіча.
Сімвалічна, што паводле задумы аўтараў, Беларуская царква святога Кірылы Тураўскага ў Лондане стане храмам-помнікам незлічоным ахвярам найбуйнейшай тэхнагеннай катастрофы 20 стагоддзя — Чарнобыльскай.
Пачатак 1990-х. Шматгадовы кіраўнік Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі айцец Аляксандр Надсан разам з чарнобыльскімі дзецьмі ў двары "Марыйнага дома"
Айцец Сяргей Стасевіч называе Чарнобыль “нашай Хірасімай”. “Паўсюль у свеце стаяць мемарыялы Хірасіме — нават у Мінску. І мы падумалі, чаму б не стварыць мемарыял Чарнобыля тут, у Брытаніі, куды ўжо больш за два дзесяцігоддзі штогод прыязджаюць на аздараўленне дзеці з Беларусі, дзе дзейнічаюць дабрачынныя чарнобыльскія фундацыі? Храм, у якім будуць узносіцца малітвы за супакой спачылых ахвяраў і здароўе жывых, то-бок нас з вамі?”.
Дапамагчы можа кожны
Праект пабудовы Беларускай царквы святога Кірылы Тураўскага ў Лондане ажыццяўляецца пакуль выключна сіламі Беларускай каталіцкай місіі ў Англіі. Па пытаннях ахвяраванняў лістуйце на email: belarusmission@gmail.com.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное