Спецпроект:
02.02.2013
Віталь Гарбузаў
«Падаўлялі не паўстанне — падаўлялі любоў да Беларусі…»

У Мінску прайшло ўрачыстае пасяджэнне аргкамітэта па адзначэнню 150-ых угодкаў паўстання Кастуся Каліноўскага.

У склад аргкамітэта ўвайшлі гісторык Алесь Смалянчук, старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч, экс-кандыдат у прэзідэнты, лідар грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Уладзімір Някляеў, палітолаг Аляксандр Фядута і іншыя.

Мерапрыемства распачалося з рэфератыўнага даклада гісторыка Алеся Смалянчука аб паўстанні 1863 года, дзе падрабязна былі адлюстраваны падзеі 150 гадовай даўніны. Смалянчук гаварыў пра асобу Каліноўскага, пра ягоныя перкананні, пра выданне газеты «Мужыцкая праўда», пра апошні ў жыцці Каліноўскага «Ліст з-пад шыбеніцы».

Гісторык закончыў сваё выступленне вось якім тэзісам: «Згубім Каліноўскага – згубім частку беларускай душы».

Старшыня Руху «За свабоду» Аляксандр Мілінкевіч выказаў меркаванне, што ідэі і ідэалы, за якія 150 гадоў таму змагаўся Каліноўскі, актуальныя і ў сённяшняй Беларусі.

– Нам сапраўды зараз не хапае і праўды, і свабоды. Дыктатура абмяжоўвае нас у гэтых фундаментальных каштоўнасцях. Мы мусім змагацца за нашу незалежнасць, якая зараз пад вялікай пагрозай. Нельга барацьбу за незалежнасць адсоўваць на другі план, ставячы на першы – дэмакратызацыю.

Повязь пакалення Кастуся Каліноўскага з ягонымі нашчадкамі ў сваім эсэ «Каліноўскі, як вера, надзея і любоў» добра адлюстраваў Уладзімір Някляеў. Таму, падаецца мэтазгодным, выкласці выступ Някляева цалкам.

«У кожнага пакалення свой час і лёс. Наш лёс выпаў на час, калі не на сцэне, дзе ставяць

«Тутэйшых» Купалы, а ў рэальнасці вырашаецца пытанне: «Кім нам быць?» – беларусамі ці «тутэйшымі». І ўвогуле, быць, ці не быць. Нібыта ўсе за тое, каб быць і быць беларусамі. Нават улада не супраць, але яна хоча, каб мы былі нейкімі дзіўнымі беларусамі. Народам без нацыяльнай мовы, культуры, гісторыі і без нацыянальных герояў, якія гісторыю сімвалізуюць. А іх у нас не так многа. Адзін з іх, і найпершы – Кастусь Каліноўскі.

Чаму? Таму што ён быў першым, хто ўсвядоміў, што ёсць Беларусь і першым яе палюбіў. Для мяне асабіста ён найперш нацыянальный герой. Чаму сёння нацыянальнага героя вырашылі пераўтварыць у ворага? Чаму прыдумалі што ён ненавідзеў Беларусь, беларусаў і нават гатовы быў забіваць беларускіх дзяцей? Менавіта таму, што вырашаецца пытанне: «Кім нам быць?» – беларусамі ці «тутэйшымі».

Таму што Каліноўскі першым заклікаў «Паўстань, беларускі народзе», і праз гады, праз пакаленні нашчадкі паўстанцаў назвалі Плошчу, на якую выйшлі змагацца за тое, каб быць беларусамі, Плошчай Кастуся Каліноўскага.

Не кожнаму пакаленню хапае ўласнай біяграфіі, каб спраўдзіць свой лёс у сваім часе. І тады, на дапамогу прыходзіць гісторыя. Яе волаты, яе легенды. Не ўсе яны супадаюць з гістарычнай праўдай, але менавіта яны ўпіраючыся ў мінулае, у зямлю, з якой выраслі, трымаюць над сваёй зямлёй неба будучыні. Паўстаў іх на калені, ці хоць прыгні – неба абрынецца.

Каб прыгнуць Каліноўскага не прыдумалі нічога лепшага, як далучыць яго да «пятай калонны». А хто ў той калонне, якую ўлада ўпарта заганяе ў калоніі? Наста Палажанка і Мікіта Ліхавід, Павел Вінаградаў і Фёдар Мірзаянаў. І яшчэ сотні, тысячы беларускіх юнакоў і дзяўчат– найлепшых з найлепшых паплечнікаў Кастуся, яго равеснікаў. Ім, калі іх білі, судзілі, кідалі ў турмы, толькі што не вешлі, не споўнілася і дваццаці пяці. Юнаку, з якога яны ўзялі прыклад, які ёсць узорам самаахвярнасці, мужнасці, высокароднасці – беларускаму шляхцічу Вінцэнту Кастусю Каліноўскаму, калі ён заклікаў паўстаць за волю на беларускай і літоўскай зямл,і было 25 гадоў і 1 дзень.

«Гэта было не беларускае а польскае паўстанне», – даводзяць нам тыя, каму Каліноўскі паўстаў, як костка ў горле. І «Каліноўскі не беларус, а паляк». Чаму ж тады не прызнанне «Люблю Польшчу!», а прызнанне «Люблю Беларусь!» пранёс ён праз усё паўстанне, праз турму і суд да апошняга выдыху на шыбеніцы? Гэта не на білбордах «Люблю Беларусь!» пісаць.

Каліноўскага вінавацяць: у яго не было праграмы, ён не ведаў што рабіць. Ён ведаў што рабіць. Любіць Беларусь – гэта і была яго праграма. У некага ёсць лепшая? Якая? Праграма мадэрнізацыі Беларусі па плану Мураўёва? Забойцы і ката, з якога цяпер спрабуюць «зляпіць» прагрэсіўнага дзеяча і ледзьве не гуманіста, маўляў, мог забіць і павесіць больш, чым забіў і павесіў…

Ёсць такія людзі, якіх не варта паважаць, але ёсць і такія, якіх і не паважаць не варта. Вось генерал Мураўёў належыць да апошніх, як і тыя генералы – яго нашчадкі, якія падаўлялі Плошчу.

Паўстанне не вымагала той крыві, якой заліў беларускую зямлю Мураўёў. І той нечалавечай жорсткасці, з якой распраўляўся ён з паўстанцамі. З кім змагалася рэгулярная, вымуштраваная, да зубоў узброеная армія? З рамантычнымі, большасць з якіх зброі ніколі не трымала, юнакамі. Падаўлялі не паўстанне – падаўлялі любоў да Беларусі.

Гэтаксама як на Плошчах 2006-га і 2010-га гадоў падаўлялася не Плошча… Там у кроў збівалі любоў. Тыя, хто яе збіваў, хто яе судзіў, хто кідаў яе ў турмы, называюць Каліноўскага «тэрарыстам-анархістам». «Тэрарыстамі-анархістамі» называюць яны Ігара Аліневіча і Міколу Дзядка, Яўгена Васьковіча і Арцёма Пракапенку – хлопчыкаў, якія сядзяць у тых жа турмах, у якіх сядзяць Зміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Іх усіх пасадзілі за тое, што яны «За Беларусь», а не за ўладу, і не за таго, хто яе ўвасабляе на партрэтах у кабінетах ягоных служак.

Каліноўскі… Вінцэнт ён ці Кастусь… Зміцер Дашкевіч і Ігар Аліневіч – гэта маладая Беларусь, такая, якая непазбежна пераможа. Вось чаму ворагам Беларусі спатрэбілася, каб Каліноўскі не быў героем, прыкладам і ўзорам, каб яго не стала. Але як не можа стаць любові? Ён любіў Беларусь. Мы любім Беларусь. І ўзаемна.»

Да ўгодкаў паўстання Кастуся Каліноўскага аргкамітэт выпусціў спецыяльныя паштоўкі, які кожны жадаючы можа ўзяць у мінскай сядзібе БНФ. Першымі, хто падпісаў гэтыя паштоўкі, сталі сябры аргкамітэта Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў. Іх атрымаюць сучасныя беларускія палітвязні. Падаўжальнікі справы Кастуся Каліноўскага.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.9 (оценок:37)