Спецпроект:
12.05.2017
Валер Карбалевіч, Радыё Свабода
Сталін — пераможца ці лузэр?

10 траўня, на другі дзень пасьля сьвяткаваньня Дня Перамогі, паглядзеў на тэлеканале «РТР-Беларусь» перадачу «Вечар з Уладзімірам Салаўёвым». Абмяркоўвалі пытаньне аб ролі Сталіна ў перамозе над фашысцкай Нямеччынай.

Паводле сацыялягічных апытаньняў, каля паловы грамадзян РФ станоўча ацэньваюць ролю генэралісімуса ў Вялікай Айчыннай вайне. І ўдзельнікі перадачы Салаўёва ў большасьці падзялялі такі погляд. Галоўны аргумэнт такі: а як яшчэ можна ацэньваць ролю Вярхоўнага галоўнаначальніка войска, якое атрымала такую вялікую перамогу? Пытаньне пра цану перамогі пры гэтым неяк згубілася.

Архіўнае фота. Ёсіф Сталін (зьлева) паціскае руку міністру замежных спраў Нямеччыны Яахіму фон Рыбэнтропу ў Крамлі ў Маскве, 23 жніўня 1939 году

Успомніўшы, што я паводле сваёй першай прафэсіі гісторык, вырашыў нагадаць некалькі тэзаў да ролі Сталіна ў вайне. Найперш два факты. У Першай сусьветнай вайне немцы змаглі акупаваць толькі невялікую частку Расейскай імпэрыі (да бальшавіцкай рэвалюцыі 1917 году). Лінія фронту праходзіла прыкладна пасярэдзіне сучаснай Беларусі. А ў Другой сусьветнай вайне, у час кіраваньня «вялікага палкаводца» Сталіна, немцы дайшлі да Масквы і Сталінграда.

Ніколі раней у гісторыі войнаў, якія вяла Расея, у яе не было так шмат палонных (каля 5 млн) і калябарантаў, якія ваявалі на баку ворага (1,5 млн).

Але вернемся да Сталіна. Напярэдадні вайны ім былі зроблены такія сур’ёзныя памылкі (іх можна нават назваць дзяржаўнымі злачынствамі), што яны сталі велізарнай трагедыяй для народаў СССР.

Найперш прыгадаем, што напярэдадні вайны была вынішчана большасьць каманднага корпусу Чырвонай Арміі, а таксама дзяржапарату, гаспадарчай, навуковай эліты. У шэрагу выпадкаў лейтэнанты пачалі камандаваць палкамі.

Безумоўна, тут не абысьціся без ацэнкі пакту Молатава — Рыбэнтропа. Я ня згодзен з распаўсюджанай думкай, што Сталін і Гітлер аднолькава вінаватыя ў разьвязваньні Другой сусьветнай вайны. Віна Сталіна ёсьць, як, дарэчы і кіраўнікоў Францыі і Англіі (Мюнхенская дамова). Але галоўная віна ўсё ж ляжыць на Гітлеру, які хацеў вайны, усімі сіламі дамагаўся яе, бо на гэтым грунтавалася ўся ягоная палітыка і ідэалёгія.

Тым ня менш, на мой погляд, пакт Молатава — Рыбэнтропа зьяўляецца стратэгічнай памылкай Сталіна. Найперш, адзначым, што гэта не дамова аб ненападзе, як дасюль падаецца ў нашых падручніках гісторыі. Бо былі ж яшчэ сакрэтныя пратаколы аб падзеле Ўсходняй Эўропы, а таксама дамова пра дружбу і мяжу ад 28 верасьня 1939 году. Фактычна гэта былі дамовы аб саюзе. У рэальнасьці ў 1939-1940 гг. СССР аказваў Нямеччыне эканамічную і дыпляматычную падтрымку агрэсіі ў Эўропе. Такім чынам, Сталін дапамог Гілеру захапіць краіны, якія маглі стаць (а ў канцы вайны насамрэч і сталі) саюзьнікамі Савецкага Саюзу ў вайне. У выніку 22 чэрвеня 1941 г. СССР апынуўся сам-насам зь Нямеччынай. А потым абураўся, чаму так доўга не адкрываецца другі фронт.

Гэтая памылка дасюль шмат кім трактуецца ў Расеі як мудры крок і вялізны дыпляматычны посьпех СССР. А ў чым мудрасьць?

Маўляў, гэтым пактам Сталін разбурыў магчымасьць стварэньня «адзінага імпэрыялістычнага фронту» супраць СССР. Але саюз Францыі, Англіі (магчыма, ЗША) і гітлераўскай Нямеччыны быў немагчымы ў прынцыпе. Паміж імі былі ня толькі непрымірымыя геапалітычныя, але і мэнтальныя, псыхалягічныя (памяць аб Першай сусьветнай вайне і інш.) супярэчнасьці. Аднак савецкае кіраўніцтва кіравалася дагматычным клясавым падыходам, паводле якога капіталістычныя краіны могуць лёгка аб’яднацца дзеля зьнішчэньня такой ненавіснай ім пралетарскай дзяржавы.

Ці вось яшчэ аргумэнт. Маўляў, пакт Молатава — Рыбэнтропа адцягнуў пачатак вайны на два гады, дазволіўшы СССР лепш падрыхтавацца да вайны.

Але, па-першае, у 1939 годзе вайна з СССР у пляны Гітлера не ўваходзіла. Бо суадносіны сілаў у той момант былі на карысьць Савецкага Саюзу. А вось гэтыя два гады Гітлер скарыстаў лепш, чым Сталін, і ў 1941 годзе Нямеччына была больш гатовая да вайны, чым СССР.

А тое, што адбывалася апошнімі месяцамі перад вайной, не паддаецца ніякай нармальнай лёгіцы. Тое, што Гітлер зьбіраецца напасьці на СССР, канцэнтруе каля савецкай мяжы вялізную колькасьць войскаў, ведала, здаецца, уся Эўропа. Бо як гэта можна было схаваць? Пра гэта ведалі ўсе камандзіры і вайскоўцы тых частак, якія стаялі каля мяжы. Бо кожны дзень пра гэта сьведчылі ўсё новыя факты.

І толькі адзін чалавек у гэтую пагрозу катэгарычна ня верыў, адрынаў усе факты, забараняў камандзірам пад страхам рэпрэсій прымаць захады ўмацаваньня баяздольнасьці сваіх падразьдзяленьняў, каб «не справакаваць немцаў»! На няшчасьце, гэты чалавек быў неабмежаваным дыктатарам. У выніку войскі сустрэлі вайну дрэнна падрыхтаваныя, танкі і самалёты апынуліся бяз паліва і г.д.

Толькі адна з такіх памылак любому іншаму гістарычнаму дзеячу каштавала б таго, каб яго імя назаўсёды зганьбіць. Дарэчы, у Францыі і Вялікай Брытаніі палітыкі, што падпісалі Мюнхэнскую дамову, ацэньваюцца нэгатыўна. Але Расея — краіна зь гісторыяй, якая не прагназуецца.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3.5 (оценок:60)