Спецпроект:
20.04.2017
Настасся Роўда, фота Сяргея Гудзіліна і з архіва герояў, Наша Ніва
Прыгожая гісторыя кахання аператара «Белсата» і журналісткі «Камсамолкі»

Алесь Баразенка зрабіў прапанову Ірыне Козлік 11 красавіка, у дзень, калі выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту. Ён зляпіў пярсцёнак проста з хлебнага мякішу, а ўзор вырабіў звычайнай расчоскай.

У гутарцы з «Нашай Нівай» Алесь і Ірына шчыра распавядаюць, як ратавалі адзін аднаму жыццё, і хто ў сям’і галоўны.

«НН»: Калі вы ўпершыню ўбачылі адно аднаго?

Алесь: Бачыліся мы шмат разоў, перасякаліся па працы, таму ў твар Іру я ведаў даўно. Першы вербальны кантакт адбыўся, калі я выйшаў з мінулых «сутак» [гаворка пра 2012 год, калі Баразенку далі 11 сутак арышту за тое, што здымаў пікет — НН]. Іра падышла, павіншавала з вызваленнем. Потым я паехаў на Майдан і на агульнай хвалі, калі ўсе пісалі «Саша, надзень шапку», неяк і з Ірай пачалі перапісвацца.

Ірына: А далей Саша некалькі разоў прызначаў спатканне і з’язджаў у камандзіроўку.

Алесь: Мы дамовіліся, што трэба разам павячэраць. Але паміж Майданам, Крымам і Данбасам я прыязджаў літаральна на тыдзень, таму пабачыліся ўжо пасля большасці камандзіровак.

Ірына: Было цікава: «Убачымся?» — «Ай, не. Я з’ехаў». Нармальная жанчына магла б і пакрыўдзіцца.

«НН»: Калі ж з’явілася тая іскрынка?

Алесь: Паваротны момант быў, калі мы з Андрэем Стрыжаком [прафсаюзны актывіст — Аўт.] паехалі ў аэрапорт «Барыспаль» проста каб сустрэць Іру і яе калегу, якія ляцелі ў Грузію. Мы са Стрыжаком прачнуліся а шостай раніцы, селі на аўтобус і адправіліся літаральна на гадзінку выпіць з імі кавы ды адправіць іх на самалёт.

Ірына: Дзіўна, канечне.

Алесь: А потым сустрэліся ўжо ў Мінску. Спачатку пайшлі на абед, а праз дзень ці два — на вячэру.

Ірына: Ну і ўсё хутка стала зразумела.

«НН»: Чым прывабіў Алесь?

Алесь: Ну я ж коцік.

Ірына: Будзем прытрымлівацца гэтай версіі. Не, насамрэч — пачуццём гумару, вельмі пазітыўнымі адносінамі да жыцця, розумам і агульнасцю інтарэсаў.

«НН»: Алесь?

Алесь: Гэта хімія. Нам проста было цікава пасля першай сустрэчы, закруцілася і пайшло. Літаральна праз месяц мы ўжо паляцелі ў Італію.

Ірына: Вось гэтая сумесная вандроўка была цікавым выпрабаваннем.

Алесь: Я табе выратаваў жыццё.

Ірына: У Венецыі я паспрабавала зваліцца ў канал, і ў мяне амаль атрымалася. Хаця гэта адбылося зусім выпадкова, я проста паслізнулася.

Алесь: Ледзьве не здарылася самая рамантычная ў свеце смерць — называецца «Памерці ў Венецыі». Я паспеў Іру выцягнуць, але там у сумцы былі пашпарты, грошы…

Ірына: Потым у нас было яшчэ адно здарэнне, але там ужо я ратавала Сашу. Мы былі ў Ізраілі, дастаткова далёка ад сталіцы, на гары. З аднаго боку — пустыня, з другога — мора.

Алесь: І ў мяне вылецеў каленны сустаў.

Ірына: Тут ужо спатрэбіліся мае арганізацыйныя здольнасці.

Алесь: І твой роўмінг.

Ірына: На шчасце, у нас была медыцынская страхоўка. Я настаяла на тым, каб яе аформілі ўсе ў нашай невялічкай турыстычнай групе. І вось тут яна спатрэбілася, бо давялося выклікаць дактароў і ехаць у бальніцу.

Алесь: Я ж быў упэўнены, што страхоўка непатрэбная: колькі разоў ездзіў у Польшчу, і нічога не здаралася! Карацей, рэшту адпачынку я хадзіў на мыліцах злы на ўсіх як Доктар Хаўс.

Ірына: Саша рабіў прапанову на насілках…

Алесь: Я быў пад морфіем.

Ірына: Ты яшчэ не быў пад морфіем. Саша даваў распараджэнні на выпадак сваёй смерці і рабіў прапанову на выпадак, калі выжыве.

«НН»: А потым усё забылася…

Алесь: Чаму? Не. Ідэя ажаніцца ўзнікла даволі даўно, яшчэ на месяцы чацвёртым нашых стасункаў мы абгаварылі гэта ў працоўным парадку. Вырашылі, што будзем жыць разам, а потым ажэнімся. Пасля таго прайшло ўжо два з паловай года. Жывём разам даволі даўно, можна лічыць, што з побытам ужо разабраліся.

«НН»: І як разабраліся?

Алесь: Вельмі проста: Іра вучыцца гатаваць тое, што мне падабаецца.

Ірына: Але не атрымліваецца.

«НН»: А што Алесю падабаецца?

Ірына: Боршч, канечне. Але я яго гатаваць не ўмею.

Алесь: Супы, пяльмені хатнія — усё вельмі проста насамрэч.

Ірына: Ну не, гэта ж зразумела. Па-першае, калі? Па-другое, як?

Алесь: Мама ведае, як… Калі сур’ёзна, то быт пераважна на Іры. На мне нейкія кардынальныя рашэнні кшталту набыць мэблю ці прыцягнуць на сабе шафу з Вільні. Ну і калі нейкае кулінарнае свята, што здараецца вельмі рэдка, то я магу тое-сёе прыгатаваць.

«НН»: Што гатуе Алесь?

Ірына: Дранікі гатуе. Што ты яшчэ робіш?

Алесь: Выпендрываюся. Люблю эксперыментаваць: пасмажыць белыя грыбы, мяса якое-небудзь. З гэтага потым зрабіць, напрыклад, мус і пакласці ў тарталеткі. Ну і суп-пюрэ яшчэ.

Ірына: І штосьці ў кляры ты запякаеш, я не заўсёды разумею, што. У мяне ўсё прасцей, канечне. Мне галоўнае, каб было проста і хутка.

«НН»: Хатніх жывёл маеце?

Алесь: Котка Варвара ў нас жыве. Яна з’явілася яшчэ тады, калі я адзін жыў.

«НН»: Як яна зжывалася з новай гаспадыняй?

Ірына: Доўга вырашалі, хто гаспадыня. Гаспадыня яна.

Алесь: Спачатку Варвара трымала дыстанцыю. Цяпер, калі сядаем глядзець нейкі фільм, то канапу дзелім на тры роўныя часткі.

«НН»: Алесь, цябе арышт натхніў зрабіць прапанову? Пасядзеў, падумаў і вырашыў, што час прыйшоў?

Алесь: Па-першае, я ўжо даўно думаў, што трэба зрабіць гэты фармальны крок. Тут была магчымасць зрабіць яго нетрывіяльна. Калі ты сядзіш у інфармацыйным вакууме, пачынаеш думаць пра тое, што насамрэч важна і чаго ты хочаш. У дадатак, быў такі дробны фактар як немагчымасць атрымаць перадачу ад Іры, давялося ехаць маці. Я думаў: ну што за лухта? У мяне ёсць дзяўчына, фактычна нявеста, але яна не мае ніякіх правоў. Дарэчы, лепка пярсцёнка заняла літаральна 15 хвілін. Гэта быў апошні дзень, калі кожная хвіліна цягнулася вельмі доўга і мне здавалася, што я гэтым займаўся гадзіну.

«НН»: Іра, якія былі эмоцыі, калі ўбачыла пярсцёнак?

Ірына: Гэта быў эмацыйна моцны дзень. Так надоўга мы яшчэ ніколі не расставаліся. Калі прыехалі дамоў і Саша ўручыў пярсцёнак… Ну, якія пытанні? Канечне, «так». Небанальнасць прапановы таксама вельмі падкупае. Усё павінна быць прыгожа. Гэта вельмі рамантычны і вельмі прыгожы крок.

НН»: Слухайце, вось сёння можна жыць і не жаніцца, і ніхто слова не скажа. Чаму ўсё ж такі варта рабіць прапанову, ствараць сям’ю афіцыйна?

Ірына: Я не буду жартаваць пра перадачы. Тут дзяржава нам выразна патлумачыла, што без штампа ты ніхто. Калі гэта не браць у разлік, то, канечне, гэта проста яшчэ адно прызнанне.

Алесь: Безумоўна, шмат якія пытанні можна вырашаць без штампа. Але дзяржава дыктуе свае правілы і ёсць шмат рэчаў, якія гэтага патрабуюць. Для мяне паставіць штамп і згуляць вяселле — крыху розныя катэгорыі.

Вяселле, вянчанне — крок для сябе. Чарговае прызнанне, чарговы этап, пераход на іншую прыступку. ЗАГС — фармальнасць для вырашэння побытавых пытанняў.

«НН»: Што самае галоўнае ў стасунках?

Алесь: Цярпенне.Дарэчы, калі быў на сутках, паўжартам думаў, што хоць адпачну ад Ірынай балбатні: «Нарэшце цішыня, можна кнігу пачытаць». Я дома імкнуся выкарыстоўваць як мага менш словаў. Магу моўчкі паесці, уключыць футбол ці нейкае кіно — для мяне гэта адпачынак. А Іры трэба са мной паразмаўляць, падзяліцца ўсімі навінамі. Дык вось, недзе на трэці дзень арышту зразумеў, што лепш бы нехта над вухам балбатаў, прачынаўся з думкамі пра Іру.

Ірына: У стасунках важны давер, здольнасць размаўляць і чуць адзін аднаго. Важна не мець ілюзій наконт таго, што можна кагосьці перарабіць ці зрабіць зручным.

Алесь: У кожнага чалавека ёсць пэўны набор пункцікаў, які ўвогуле не варта чапаць. Ты альбо з імі мірышся, альбо не. А яшчэ важна мець котку.

Ірына: Так, котка — важна. Без коткі ў доме складана.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.8 (оценок:17)