Спецпроект:
20.04.2017
«Можа, калі б амапаўцам ладзілі экскурсію ў Курапацкі лес, то ня білі б людзей на вуліцах»

Гісторыя з прапановай Сьвятлане Алексіевіч узначаліць камісію па вызначэньні варыянту помніка ў Курапатах актуалізавалі тэму пра новы падыход уладаў да гэтага мэмарыялу, піша Валер Карбалевіч на Радыё Свабода.

«Міністэрства культуры ў загадзе № 69 ад 24 сакавіка, якім зацьверджана палажэньне аб конкурсе эскізных праектаў памятнага знаку «Курапаты», пераклала гэтыя словы Лукашэнкі больш дакладна: ён павінен адлюстроўваць ідэю ўшанаваньня памяці ўсіх бязьвінных ахвяраў ХХ стагодзьдзя ў гісторыі Беларусі.

Ня буду цяпер дыскутаваць наконт самога помніка, капліца там павінна быць ці што яшчэ. Зьвярну ўвагу на іншае. На нашых вачах адбываецца падмена, прынцыпова зьмяняецца зьмест мэмарыялу. Бо ў ХХ стагодзьдзі на беларускай зямлі ахвяраў было шмат. Былі пацярпелыя ад царскага самаўладзьдзя. Беларусь перажыла жахі Першай сусьветнай і грамадзянскіх войнаў. Цярпелі беларусы ад рэжыму Пілсудзкага. Шмат загінула падчас фашысцкай акупацыі. Можа, такі помнік усім ахвярам і насамрэч патрэбен. Аднак у іншым месцы.

А Курапаты — месца расстрэлаў у сталінскія часы. Гэта помнік злачынстваў савецкага, камуністычнага рэжыму. І менавіта ў такім выглядзе Курапаты сталі сымбалем гістарычнай памяці народу. А ідэя ўладаў палягае якраз у тым, каб размыць, разбавіць злачынствы сталінізму, згубіць іх ці схаваць у агульным шэрагу ўсіх бязьвінных ахвяраў ХХ стагодзьдзя.

І такім чынам неяк зьмікшаваць саму праблему. Бо, як памятаем, «Сталін — сымбаль нашага народу». Як той казаў, ня кіем, дык палкай. Але ж гэта будзе зусім іншы мэмарыял, ня той, які абаранялі грамадзкія актывісты чвэрць стагодзьдзя.

Калі б улады сапраўды палітычна і маральна сасьпелі да такога гістарычнага рашэньня, як прызнаньне Курапатаў у якасьці сымбалю злачынстваў камуністычнага рэжыму, то варта было б рабіць наступныя крокі і пазбаўляцца ад злачыннай спадчыны. Міністру не апранаць форму афіцэра НКУС. Трэба, каб курсанты Інстытуту нацыянальнай бясьпекі прымалі прысягу на вернасьць Радзіме не ў музэі Дзяржынскага, а ў Курапатах. Можа, калі б амапаўцам перад паступленьнем на службу ладзілі экскурсію ў Курапацкі лес, то ня білі б людзей на вуліцах.

Але, як трапна заўважыў Павал Севярынец, «прадстаўнікі рэжыму адчуваюць сваю роднасьць ня з тымі, у каго стралялі, а з тымі, хто страляў». І ў гэтым уся праблема».

Дмитриев: «Власть забирает Куропаты, используя предсказуемость наших реакций»

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:12)