Спецпроект:
18.04.2017
Пра сэкс вожыкаў і адмову Алексіевіч

Пісьменнік Андрусь Горват на сваёй старонцы ў Фэйсбук разважае пра тое, ці варта ўступаць у кантакт з уладамі.

«Хацеў напісаць пра Алексіевіч і Курапаты. Выйшаў у двор падумаць. Выйшаў у двор, а ў садзе нехта сапе. Гучна так сапе. То конь ці баба Параска. Болей на бабу Параску падумаў, бо яе сабачка бегаў ля маёй хаты. Пасвяціў ліхтарыкам на яблыні, гатовы быў сказаць: «А што вы тут робіце? ». Але нікога ў садзе няма. А яно — нябачнае — сапе і сапе. Сапе і сапе. Страшна, але пайшоў на гук. А там вожыкі сексам займаюцца.

От.

А зараз пра Курапаты. Святлане Алексіевіч прапанавалі ўзначаліць нейкую там камісію па помніку ў Курапатах. Ёй прапанавалі - яна адмовілася. Яна адмовілася — я кажу: ну і правільна. Яшчэ некалькі месяцаў таму я заклікаў будаваць масты і шукаць спробы дамаўляцца. Дыялог паміж «Мы» і «Яны» — гэта як секс вожыкаў — не разумееш, як ён адбываецца тэхнічна, але штосьці трэба прыдумаць, яксьці трэба ўступіць у кантакт, каб з'явіліся новыя вожыкі. А цяпер усё. Цяпер гэта выглядае так: прыйшоў нейкі чувак, нагой выбіў дзверы ў хату, збіў усіх, хто быў дома, пасядзеў, пакурыў, потым прыйшоў да гаспадыні і кажа:

— А куды мы шкафчык павесім?

Шкафчык. Вы разумееце? Шкафчык. Ідзі ты ў сраку са сваім шкафчыкам. Гонар трэба мець. Гонар, а не шкафчык».

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.7 (оценок:26)