Спецпроект:
18.03.2017
Сяргей Навумчык, Радыё Свабода
Сьцяг капітуляцыі

Выбар людзьмі, якія лічаць сябе беларусамі, чырвона-зялёнага сьцяга – успрымаецца як перамога Лукашэнкі над тымі, каго ён да сёньня перамагчы ня здолеў. Ва ўсялякім разе, над часткай іх.

Нехта выйшаў з чырвона-зялёным «дзяржаўным» сьцягам, нехта нават зьбіраецца ўзяць яго 25 сакавіка. Кожны мае рабіць так, як лічыць патрэбным. Але нагадаю, што цяперашні дзяржаўны сьцяг быў прыняты на нелегітымным «рэфэрэндуме» і, нароўні з пазбаўленьнем статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, мусіў быць (і стаў) сымбалем зьнявагі нацыянальнага гонару беларускага народу, яго гісторыі, яго дзяржаўнасьці. «Рэфэрэндум» 1995 году — самы моцны ўдар па беларускай нацыі; магчыма, больш зьнішчальны, чым Чарнобыль.

Зразумела, калі даводзіцца атрымліваць пашпарт ці дакумэнты з лукашэнкаўскай сымболікай — іншых пашпартоў няма. Але які сьцяг узяць у рукі — выбар застаецца. Гэта выключна маё прыватнае меркаваньне, але для мяне, як удзельніка галадоўкі ў Вярхоўным Савеце за «Пагоню», за Сьцяг, за мову, выбар людзьмі, якія лічаць сябе беларусамі, чырвона-зялёнага сьцяга — успрымаецца як перамога Лукашэнкі над тымі, каго ён да сёньня перамагчы ня здолеў. Ва ўсялякім разе, над часткай іх.

Прыгадалася са школьнага падручніка пра «крывавую нядзелю» 1905 г., калі ў сталіцы Расейскай імпэрыі тысячы людзей пайшлі да Зімняга палацу, трымаючы ў руках, побач з іконамі, і партрэты Мікалая II — «В царя стрелять не будут!». Стралялі.

Так і тут: тыя, хто гадамі зьневажаў нацыянальныя сымбалі, беларускую мову — ня ўспрымуць чырвона-зялёны сьцяг як заклік да адзінства, яны ўспрымуць яго толькі як знак капітуляцыі.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.9 (оценок:37)