Спецпроект:
13.03.2017
Міхаіл Брошын, Руслан Гарбачоў
Германія і Беларусь адзначаюць сумесны юбілей

13 сакавіка Федэратыўная Рэспубліка Германія і Рэспубліка Беларусь адзначаюць 25-годдзе аднаўлення дыпламатычных адносін.

Чаму аднаўлення, а не ўсталявання? Афіцыйна лічыцца, што першыя дыпламатычныя кантакты паміж былой Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай і Германскай імперыяй адбыліся ў 1923 годзе.

Неўзабаве пасля абвяшчэння незалежнасці нашай краіны, 13 сакавіка 1992 году міністр замежных спраў ФРГ Ганс-Дзітрых Геншэр падпісаў у Мінску «Пагадненне аб аднаўленні дыпламатычных адносін паміж Федэратыўнай Рэспублікай Германія і Рэспублікай Беларусь». Праз месяц у Беларусі быў акрэдытаваны першы германскі пасол. У верасні старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь Станіслаў Шушкевіч наведаў Германію з дзяржаўным візітам, а напрыканцы году там быў акрэдытаваны першы беларускі пасол, адзначаецца ў паведамленні для прэсы, якое падрыхтавала і распаўсюдзіла пасольства ФРГ у Мінску.

Адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Федэратыўнай Рэспублікай Германія за чвэрць стагоддзя атрымалі значнае развіццё ў многіх галінах. Гэта тычыцца сфер культуры, адукацыі, навукі, эканомікі, а таксама супрацоўніцтва па лініі грамадзянскай супольнасці, асабліва ў справе пераадолення наступстваў Чарнобыльскай катастрофы ў Рэспубліцы Беларусь.

Палітычны дыялог паміж бакамі прыкметна актывізаваўся пасля адмены ў лютым 2016-га большасці санкцый Еўрапейскага Саюза ў дачыненні да шэрагу беларускіх афіцыйных асобаў. Наведваючы Магілеў напрыканцы 2016 году, пасол ФРГ Петэр Дэттмар адзначыў вельмі станоўчыя тэндэнцыі ў адносінах паміж краінамі.

– Пасля адмены Беларуссю віз для грамадзян шэрагу замежных краін, першае месца па колькасці візітаў у нашу краіну займаюць грамадзяне Германіі. Што сведчыць пра значную цікавасць як нямецкага бізнесу, так і простых турыстаў, – сказаў «Салідарнасці» старэйшы аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Дзяніс Мельянцоў. – Адносіны паміж дзвюма краінамі значна змяніліся пасля падзей ва Украіне і ператварэння Беларусі ў перамоўную пляцоўку. Сёння Германія з'яўляецца адной з тых краін, якія хацелі б палепшыць адносіны з Беларуссю. Той перыяд, пры якім у кантактах назіралася пахаладанне і санкцыі, застаецца ў мінулым. Да 25-годдзя аднаўлення дыпламатычных адносін краіны падыходзяць з больш добразычлівымі і больш прагматычнымі адносінамі.

З нагоды юбілея арганізаваны візіт у Беларусь дзяржаўны міністр па справах Еўропы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі Міхаэля Рота. У Мінску ён сустрэнецца з міністрам замежных спраў Беларусі Уладзімірам Макеем. Яшчэ адным важным пунктам у праграме візіту будзе адкрыццё падрыхтаванай сумесна абодвума бакамі вандроўнай выставы «Лагер смерці Трасцянец. Гісторыя і памяць», якая адлюстроўвае смутную старонку германа-беларускага мінулага. У перыяд з 1942 па1944 гг. у Малым Трасцянцы знаходзіўся самы вялікі нямецкі лагер смерці на тэрыторыі былога Савецкага Саюза.

Такім было мінулае. Сенняшні і заўтрашні дні беларуска-германскіх адносін, на шчасце, выглядаюць значна лепш – яны ў светлых фарбах.

 
Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.4 (оценок:5)