«Хай толькі сунуцца ў Чарнігаў, атрымаюць новую УПА»
Пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка расказаў «Салідарнасці» пра баявы дух украінцаў, адрозненне паміж рускім і маскалём, а таксама пра тое, чаму ён сам пайшоў у апалчэнне.
У апалчэнні. Фота Уладзіслаў Ахроменка
Цяпер ва Ўкраіну прыйшла варожая навала
Атрымалася так, што апошнія шаснаццаць гадоў я жыву на два гарады: Менск і Чарнігаў. У Менску ў мяне маці і сын ад папярэдняга шлюбу, а таксама сябры. У Чарнігаве — жонка з дачкой і таксама сябры. Цяпер ва Ўкраіну прыйшла варожая навала, а край гэты для мяне не чужы. Мае сябры з Хмяльніцкага зарганізавалі «Подільську січ», народнае апалчэнне пад патранатам Украінскай Праваслаўнай царквы Кіеўскага патрыярхату. Запрасілі, адразу паехаў.
Мы знаходзімся ў аператыўным падпарадкаванні Памежных войскаў Украіны. Большага сказаць не магу: ніякіх прозвішчаў, явак, пароляў.
Паверце, што калі б такая бяда прыйшла ў Беларусь, таксама б пайшоў у нашае апалчэнне. Можна колькі заўгодна сядзець у Сеціве і распінацца ў любові да Ўкраіны і Беларусі, а можна рабіць нешта дзейснае.
Той-сёй напэўна задасца пытаннем пра «наёмніцтва». Паводле заканадаўства, «наёмніцтва» — гэта ўдзел іншаземца ва ўзброеных канфліктах за грошы. Ва ўзброеных канфліктах (цьфу-цьфу-цьфу) пакуль не ўдзельнічаў, дый у апалчэнні я не дзеля заробкаў — яшчэ і свае грошы вытраціў, каб да Хмяльніцкага дабрацца! Дый ва Украіне я даўно ўжо не іншаземец. А, увогуле, енчыць — «а яны там за грошы!» — могуць адно маральныя прастытуткі, якія, як вядома, усё вымяраюць выключна грашыма.
Вайна — гэта не камп’ютарная гульня
Апошні раз трымаў зброю ў руках два гады таму, паляўнічы карабін. Але ж трапна стрэліць, пры патрэбе, змагу.
Аднак, на мой капыл, калі чалавек заяўляе — «дайце мне аўтамат, пайду ваяваць!..» — гэта ці дурны малалетка, ці псіх.
Вайна — гэта не камп’ютарная гульня. А страляць можна навучыць і малпу. Што такое грамадзянская вайна, я ў 1993 годзе бачыў у Тбілісі, дзе крыху давялося пажыць. Тамака акурат прамаскоўскія малпы і стралялі — праўда, яны і самі не зусім разумелі, навошта. Зброя вымагае не толькі ўмення страляць, але і разумення, нашто ты гэта робіш.
«Людзі спынялі нас, каб пердаць ежу для салдатаў»
Хлопцы ў нашым апалчэнні — пераважна з Хмяльніцкай вобласці. Людзі розныя: бізнэсоўцы, спартоўцы, дзяржаўныя службоўцы, юрысты. Некалькі ветэранаў Афганістана — класныя, між іншым, хлопцы. Былі і святары УПЦ Кіеўскага патрыярхату, прытым адзін з іх, айцец Сяргей Горбік — таксама былы «афганец», наш беларускі хлопец. Апалчэнцам пераважна за сорак. Жыццёвы досвед, пэўна, і надае пэўнага аптымізму — што тычыцца на бліжэйшыя перспектывы.
Памятаю, ехалі мы з апалчэнцамі мікрааўтобусамі з Хмяльніцка на крымскую мяжу праз Чаркаскую вобласць. Позні вечар, небагатая вёска, людзі проста спынiлi нас і папрасілі, каб мы ўзялі для ўкраінскіх вайскоўцаў бульбы, цыбулі, свойскіх кансервацый — насабіралі ўсёй ваколіцай. Прытым было відно, што тыя вяскоўцы аддаюць апошняе.
Які пасля гэтага можа быць настрой? Зрабіць для такіх людзей усё мажлівае хоць на ўсходзе, хоць на захадзе краіны!
У чаканні вайны
Пранатаўскія настроі відавочныя і ў Заходняй, і ва Ўсходняй Украіне. Калі вакол тваёй хаты бадзяюцца шалёныя сабакі і нават забягаюць у сярэдзіну, каб адгрызці які кавалак, натуральнае памкненне — аб’яднацца з тымі, хто можа адлупцаваць такога сабаку добрай даўбнёю. Але цяперашнія варункі такія, што і НАТА, здаецца, не панацэя.
Маю запэўніць: аніякай панікі няма. Усё выдатна працуе: рынкі, крамы, школы, дзіцячыя садкі, мабільная сувязь і інтэрнэт. Ніякіх чэргаў па хлеб, соль, макароны і запалкі. Уцекачоў таксама няма, як паведамляюць крамлёўскія тэлеканалы. І, вядома ж, няма тут ніякіх бандэраўцаў у гестапаўская форме, якія рэгулярна катуюць мірнае насельніцтва…
«Цітушак» завозілі з дэпрэсіўных райцэнтраў
Дачка павесіла на балконе чарнігаўскай кватэры ўкраінскі сцяг, і нехта па хуткім часе шпурлянуў у шыбу яйкам. Не думаю, што гэта зрабілі чарнігаўскія.
Увогуле, падчас лютаўскіх падзеяў, калі ў пратэстныя гарады Украіны масава завозілі «цітушак», нават ідэйна спелыя чарнігаўскія гопнікі амаль у гэтым не ўдзельнічалі: нягледзячы на ўціск тутэйшай міліцыі («ідзі, а то пасадзім!») і абяцанкі («заплаціць за разгон бандэраўцаў»). Бо выдатна разумелі: іх потым пачнуць лавіць па пад’ездах звычайныя чаргінаўчане, іх жа суседзі, і ненавязліва тлумачыць, у чым яны не маюць рацыі. «Цітушак» завозілі з дэпрэсіўных райцэнтраў кшталту Нежына і Барзны і адразу эвакуявалі абратна.
Вядома ж, у Чарнігаве ёсць і «саўкі», якія мараць пра дэманстрацыі з кумачамі і каўбасу па 2.20, і старыя маразматыкі, усе гэтыя адстаўныя стукачы і ганаровыя ветэраны КПСС (колькі гадоў таму яны нават рыхтавалі ўзброены захоп Чарнобыльскай АЭС з патрабаваннем «адрадзіць вялікі Савецкі Саюз»).
Але колькасна такіх персанажаў мала, і інтэлектуальны патэнцыял іх мізэрны. Максімум, на што яны здольныя — шпурлянуць яйка ў шыбу кватэры з дзяржаўным украінскім сцягам.
Дзеці паміж сабой размаўляюць на ўкраінскай мове
Дзеці — надзея ўкраінцаў. Фота chernihiv-oblrada.gov.ua
Чарнігаў — горад «умоўна рускамоўны». Чаму так: носьбітаў класічнай расейскай мовы тут практычна няма. Тры чвэрці размаўляе з моцным украпаваннем ўкраінскіх словаў, чвэрць — беларускіх. Беларускія моўныя ўплывы вельмі моцныя ў Рэпкінскім, Гараднянскім і Шчорсаўскім раёнах.
Тым не менш, настроі ва «ўмоўна рускамоўным горадзе» амаль спрэс праўкраінскія. Дваццаць тры гады незалежнасці, пэўна, навучылі людзей, што лепш усё ж такі жыць у сваёй уласнай кватэры (хай і без «еўрарамонту», пакуль што), чым у прахадным пакойчыку імперскай камуналкі.
Адразу маю сказаць, што і за расейскую, і за беларускую, і за ўсе іншыя мовы ў Чарнігаве ніхто нікога не ўціскае. Скажам, у нашым доме размаўляюць на беларускай, украінскай і расейскай, і гэта нармальна.
Вогнішчаў з кніг Пушкіна, Дастаеўскага і Талстога тут таксама няма, усё гэта брахня маскоўскіх прапагандыстаў. Што да моўнага пытання. Добра памятаю васьмідзесятыя гады, калі Чарнігаў быў зрусіфікаваны на ўзроўні Гомеля.
Цяпер шмат хто са школьнікаў, толькі развітаўшыся са сваімі бацькамі па расейскай, між сабой адразу пераходзяць на ўкраінскую. Бачыў такое шмат разоў на ўласныя вочы.
Чарнігаў чакае беларусаў. Фота cult.gov.ua
Пачнецца новая УПА, толькі ў сучасным фармаце
Акцыя ў Чарнігаве супраць расійскай агрэсіі.Фота chernihiv-oblrada.gov.ua
Ці могуць захапіць Чарнігаўскую аблраду? Тэарэтычна, мажліва ўсё — нават узброены захоп Вярхоўнай Рады. Гэта справа стратэгіі, тактыкі, а таксама колькасці захопнікаў і гатоўнасці Крамля пакласці тут штабелі трупаў — што сваіх, што чужых.
Але ж на падтрымку мясцовага насельніцтва, як у Славянску ці Краматорску, на Сівершчыне крамлёўцам чакаць не выпадае.
Тэхніку акупантаў будуць паліць па начах «кактэйлямі Молатава», а саміх іх, у лепшым разе, масава паатручваюць гарэлкай са стрыхнінам. Пра горшае і згадваць не хачу. Пачнецца новая УПА, толькі ў сучасным фармаце. Гэта дакладна. Жыву тут і настроі бачу.
Расейскія тэлеканалы ў Чарнігаве не транслююцца ад пачатку сакавіка. І дзякуй Богу! Глядзець усё гэтае тупое чалавеканенавісніцтва, прымітыўную брахню і серыялы з жыцця мянтоў і бандытаў, змайстрачаныя для аднаклетачных, можа адно сада-мазахістаў.
Пра расейцаў і маскалёў
Маскалёў тут не чакаюць. Фота chernihiv-oblrada.gov.ua
Уласна, да расейцаў, як да этнасу, ніякіх пытанняў няма. Як і да Расеі, але не да дзяржавы Расейская Федэрацыя, а як да краіны. Ва Ўкраіне выдатна разумеюць, што ёсць «расейцы», а ёсць «маскалі». Маскаль — гэта не нацыянальнасць, а спосаб мыслення.
Пры тым маскалём можа быць і этнічны беларус, і этнічны ўкраінец, і нават этнічныя яўрэй ці армянін.
Гэта пачварная істота з імперскай свядомасцю, зазвычай — агрэсіўная, малаадукаваная і пыхлівая. Такой істоце напляваць на закон, павагу да людзей іншай культуры, на ўсе «нярускія» мовы дый увогуле на ўсіх без выключэння «іншародцаў». Пры гэтым сам маскаль згодны жыць проста па-свінску дзеля эфімернай «Вялікай Імперыі», куды сам ён здольны прынесці толькі галечу, п’янства і дзікунства. І нават памерці за гэту свінскую імперыю, а як не памерці самому, дык пазабіваць і скалечыць усіх суседзяў.
Колькі гадоў таму, калі выйшаў мой раман «Тэорыя змовы», шмат хто ўшчуваў мяне за адмоўных персанажаў, капітана Капейкіна і прапаршчыка Макруху, тыповых маскалёў. Маўляў, «махровая русафобія». Насамрэч аказалася, што персанажы тыя ў параўнанні з сённяшнімі крамлёўскімі эмісарамі ў тым жа Данбасе — вельмі годныя і інтэлігентныя.
Што да расейцаў. Памятаю, ехалі мы з хлопцамі з Заходняй Украіны ў апалчэнне, акурат гэту тэму і абмяркоўвалі. Практычна ўсе, хто там быў, сцвярджалі: маўляў, рускія — прыстойныя і цывілізаваныя людзі, з каторымі варта сябраваць і мець справы, а вось маскаля ўвогуле цяжка назваць чалавекам.
Уладзіслаў Ахроменка
Нарадзіўся ў 1965 годзе ў Гомелі. Кінасцэнарыст, драматург. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю. Працаваў выкладчыкам музычнай школы Лоева, карэспандэнтам часопіса «Крыніца», рэдактарам аддзела часопіса «Бярозка», адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты «Культура», рэдактарам беластоцкай газеты «Ніва». З 1993 года працуе па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное