Политика
Ганна Соўсь, Радыё Свабода

Сярэдзіч: «Я ж не прасіў грантаў у Лукашэнкі»

Галоўны рэдактар незалежнай газэты «Народная воля» Ёсіф Сярэдзіч — пра вынікі, дамоўленасьці і ўражаньні пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

— Сустрэча адбывалася амаль дзьве гадзіны. Гэта рэдкі выпадак, калі прэзыдэнт прымаў рэдактара і меў магчымасьць і жаданьне весьці гаворку.

Было ўражаньне, што я сустракаўся з прэзыдэнтам, але адчуваў сабе, як быццам, я размаўляю з нармальным чалавекам, якога добра ведаю. Я адкрыта гаварыў пра ўсё, што набалела, пра праблемы, якія хвалююць мяне і ў цэлым грамадзтва, якія хвалююць і прэзыдэнта ў тым ліку, і ўсю ўладу.

Было тры блёкі размовы. Першы — тэматыка агульна-нацынальнага значэньня. Другі — я выступаў як адвакат незалежных СМІ. Магу зараз пахваліцца, што праблема, якая існавала апошнія гады з рэгіянальнымі газэтамі, з сёньняшняга дня зьнікае. Лукашэнка сказаў: «Можаш адкрыта сказаць сваім калегам, што больш яе ня будзе».

Я маю на ўвазе, што напрыклад «Барысаўскія навіны» ня маюць доступу ў мясцовыя кіёскі і падпісныя каталёгі, гэта тычыцца і «Газэты Слонімскай» Навошта? Каб нас крытыкавалі. Трэба вырашыць гэтую праблему раз і назаўсёды. Ён сказаў, што можаш перадаць калегам, што такой праблемы з сёньняшняга дня не існуе. Масу іншых пытаньняў мы абмяркоўвалі.

— Ці скарэктуецца тэматыка вашай газэты пасьля сустрэчы?

— «Народная воля» будзе трымацца таго курсу, якога трымалася. Навошта нам мяняцца? Для нас самае галоўнае — адстойваем дэмакратычныя каштоўнасьці, правы чалавека, свабоду слова. Мы — за плюралізм. Навошта ўсё мяняць? Мы ж ня будзем сёньня падмяняць «Советскую Белоруссию» ці іншую афіцыйную газэту? «Народная воля» застаецца «Народнай воляй».

— Пра што вы дамовіліся на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам?

— Я не ішоў, каб дамаўляцца з Аляксандрам Лукашэнкам. Мая справа была — выказаць сваё бачаньне разьвіцьця падзеў у Беларусі, якім чынам усім нам, беларусам, не дапусьціць нейкіх драматычных падзей на нашай зямлі, каб тут не палыхнула нічога, каб не было вайны і крывавых разборак. Каб усе праблемы, якія ўзьнікаюць, як цывілізаваныя людзі, вырашаць мірна і спакойна. Я ж не заклікаў прэзыдэнта, каб нейкія рашучыя дзеяньні прымала ўлада.

Я наадварот пачынаў з прапановаў, што трэба знаходзіць пагадненьне з усімі кампанэнтамі нашага грамадзтва. Я ўспомніў таго ж Ярузэльскага. У крытычны час для палякаў Ярузэльскі ініцыяваў нацыянальны польскі круглы стол. Я думаю, што над гэтай прапановай задумаецца і Лукашэнка, і я не выключаю, што такая магчымасьць будзе. Трэба садзіцца і спакойна вырашаць.

— Што яшчэ паабяцаў кіраўнік Беларусі акрамя таго, што раённыя друкаваныя СМІ могуць вярнуцца ў шапікі і падпісныя каталёгі?

— Асабліва няма чаго скардзіцца або прасіць падачкі. Я ж не прасіў грантаў у Лукашэнкі, бо я ведаю, што ён ня выдзеліць гэтыя гранты. І ня трэба. Я бы ня ставіў так пытаньне. Мы проста падзяліліся сваімі думкамі, сваімі меркаваньнямі наконт жыцьця ў нашай краіне і наконт таго, як мы будзем жыць праз паўгода і ці праз два гады. І ў мяне як у звычайнага чалавека, і ў яго як у прэзыдэнта баліць душа за тое, каб усё было больш-менш нармальна.

— Вы ішлі на сустрэчу з тэчкай. Што ў ёй несьлі? Якія дакумэнты?

— Тэчка патрэбная, каб тры паперкі былі, інфармацыя пра незалежныя СМІ (па кожнай газэце мне Бастунец з БАЖу даў даведку), я ж павінен з даведкай ісьці, а не з пустымі рукамі. Абмяркоўвалі, як павінны ўлады рэагаваць на публікацыі газэты. Пра некаторыя канкрэтныя публікацыі гаварылі.

— Як вам падалося, ці чытае Аляксандар Лукашэнка «Народную Волю»?

— Думаю, што чытае ад коркі да коркі.

— Бачу, што вы выйшлі з сустрэчы са станоўчым уражаньнем. А калі раптам нешта з абяцаньняў Лукашэнка ня выканае, што будзеце рабіць?

— Жыцьцё пакажа. Найлепшы дарадца і настаўнік — само жыцьцё. Па-першае, фармат сустрэчы быў «з вока на вока», таму многія рэчы і мне, і прэзыдэнту трэба пакінуць за дужкамі. Калі было дамоўлена з вока на вока, то што ж я буду бегаць і на кожным скрыжаваньні пераказваць кожнае слова. Я напішу калёнку для «Народная Волі», і многія рэчы там заўтра прачытаеце.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)